роўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан роўнага. [Каваліха] збілася з тону. Яе галашэнне страціла ранейшую плаўнасць, роўнасць і стройнасць. Бядуля. // Пра вялікае роўнае месца, раўніну. Хацелася .. [Алесю] спяваць і бесперастанку ісці марознаю роўнасцю снегу. Чорны. За .. [узгоркам] ляжала палявая роўнасць, а далей — лес. Савіцкі.
2. Аднолькавасць, поўнае падабенства (па велічыні, колькасці, якасці і пад.). Роўнасць сіл.
3. Роўнае становішча людзей у грамадстве, што выяўляецца ў аднолькавых адносінах да сродкаў вытворчасці і ў карыстанні аднолькавымі палітычнымі і грамадзянскімі правамі. Роўнасць народаў і нацый. ▪ Калгасны лад забяспечыў таксама поўную роўнасць жанчыны з мужчынам у вытворчасці і ліквідаваў яе нераўнапраўнае становішча ў сям’і. Залескі.
4. У матэматыцы — алгебраічная формула з дзвюх частак, роўных між сабой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)