Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

камандзі́р, ‑а, м.

Начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна. Камандзір палка. Камандзір атрада. Камандзір узвода. □ Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі. // Разм. Аб кіраўніку якога‑н. прадпрыемства, арганізацыі і інш. Камандзір прадпрыемства. Камандзір вытворчасці. // Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць распараджацца, камандаваць. — З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Паслядовіч. — Падумаеш..! Абраўся яшчэ камандзір! Колас.

камандзірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.

камандзірава́ны і камандзіро́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад камандзіраваць.

2. у знач. прым. Які атрымаў камандзіроўку. / у знач. наз. камандзірава́ны і камандзіро́ваны, ‑ага, м.; камандзірава́ная і камандзіро́ваная, ‑ай, ж. Гасцініца для камандзіраваных.

камандзірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да камандзіраваць.

камандзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго.

Адправіць (адпраўляць) куды‑н. са службовым даручэннем. Раніцай дырэктар атрымаў загад — спешна камандзіраваць студэнтаў на граніцу для рамонту дарог і пабудовы авіяцыйных пляцовак. Якімовіч.

камандзі́раў, ‑ава.

Які належыць камандзіру. Камандзіраў наган. □ [Камандзір] падбег да высокага чалавека, схапіў яго за рукі і пачаў трэсці. Чалавек таксама трос камандзіравы рукі. Чорны.

камандзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да камандзір.

камандзіро́ваны,

гл. камандзіраваны.

камандзіро́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да камандзіроўкі (у 2, 3 знач.). Камандзіровачнае пасведчанне.

2. у знач. наз. камандзіро́вачны, ‑ага, м.; камандзіро́вачная, ‑ай, ж. Той (тая), хто знаходзіцца ў камандзіроўцы. Пасажырамі былі найбольш .. інтэлігенты або прадстаўнікі той шырокай, універсальнай цяпер прафесіі, што называюцца камандзіровачнымі. Скрыган.

3. у знач. наз. камандзіро́вачныя, ‑ых, мн. Разм. Грошы, якія выдаюцца на расходы па камандзіроўцы. Студэнты сабраліся па камандзіровачныя, і кожнаму хацелася атрымаць іх хутчэй. Якімовіч.

камандзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.

2. Службовае заданне, даручэнне, звязанае з паездкай куды-небудзь. Атрымаць камандзіроўку. □ [Тэхнолаг] літаральна за дзень да перавыбарнага сходу раптам па камандзіроўцы выехаў на месяц на Яраслаўскі аўтамабільны завод. Карпаў. // Паездка куды-небудзь са службовым даручэннем. Паехаць у камандзіроўку. Доўгатэрміновая камандзіроўка. □ Апошнія дні бацькі дома няма: ён у камандзіроўцы. Якімовіч.

3. Разм. Камандзіровачнае пасведчанне. Выпісаць камандзіроўку. □ Васіль паказаў .. камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі.