абка́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абка́паць.
абкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго.
Накарміць звыш меры; пашкодзіць здароўю, даўшы з’есці лішняе. Абкарміць дзіця малаком.
абкарна́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абкарнаць.
абкарна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Падрэзаць, абстрыгчы вельмі коратка, няроўна. Абкарнаць валасы. // Няўмела скараціць які‑н. тэкст, зрабіць непажаданыя купюры. Абкарнаць кнігу. // перан. Пазбавіць якое‑н. вучэнне, тэорыю чаго‑н. істотнага; сказіць. Не баючыся памыліцца, можна сказаць, што з гэтага, надзвычай багатага думкамі, разважання Энгельса сапраўдным здабыткам сацыялістычнай думкі ў сучасных сацыялістычных партыях стала толькі тое, што дзяржава «адмірае», па Марксу, у адрозненне ад анархічнага вучэння аб «адмене» дзяржавы. Так абкарнаць марксізм значыць звесці яго да апартунізму, бо пры такім «тлумачэнні» застаецца толькі смутнае ўяўленне аб павольным, роўным, паступовым змяненні, аб адсутнасці скачкоў і бур, аб адсутнасць рэвалюцыі. Ленін.
абкары́ць, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак.
Тое, што і акарыць.
абкарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пакрыўся брудам, засохлай граззю і пад.
абкарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Пакрыцца брудам, засохлай граззю і пад.
абкасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.
1. Разм. Закончыць касьбу. Да пачатку жніва калгас абкасіўся.
2. У працэсе работы набыць патрэбныя якасці (аб новай касе).
абкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.
1. Скасіць траву вакол чаго‑н. Абкасіць куст.
2. Пакасіць, скасіць усё. Абкасіць лугі. □ У тым баку, дзе была вёска, курэлася балота: высахла, калі яго абкасілі, і цяпер занялося агнём. Пташнікаў.
3. Апярэдзіць, перамагчы ў касьбе. Хто каго абкосіць.
абка́т, ‑у, М ‑каце, м.
Спец. Тое, што і абкатка. Абкат аўтамашыны.