Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ядкі́, ‑ая, ‑ое.

Абл. Які са смакам есца, ахвотна з’ядаецца; смачны, пажыўны. Як верашчака ў дно спадала, То маці есці пакідала Ды йшла ў камору па другое, Яшчэ больш смачнае, ядкое, І тарабаніла сюды Для заканчэння ўжо яды Тварог, запраўлены смятанай. Колас.

ядлаўцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ядлоўцу, уласцівы яму. Ядлаўцовы куст. □ Сцелецца дым ядлаўцовы па ніве. Вялюгін. // Зроблены з драўніны ядлоўцу. Максім спыніўся і выставіў уперад ядлаўцовае пугаўё. Дайліда. // Прыгатаваны з пладоў ядлоўцу, з пладамі ядлоўцу. Ядлаўцовая настойка.

ядлаўцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.

Гарэлка, настоеная на ягадах ядлоўцу.

ядло́вец, ‑лоўцу, м.

Вечназялёны куст, радзей дрэва, расліна сямейства кіпарысавых з ягадападобнымі чорна-сінімі пладамі. За дарогай адразу кусцікі, хвойкі, ядловец. Быкаў. Ядловец быў повен чорных ягад. Чорны.

ядло́ўцавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і ядлаўцовы. Мільгалі ў вачах хвойкі, ядлоўцавыя кусты, чарнічнік. А бацька сцёбаў і сцёбаў каня лейцамі. Далідовіч.

ядна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. яднаць і яднацца.

2. Адзінства, згуртаванасць. Нас дружба народаў навекі злучыла; У нашым яднанні мы — грозная сіла, — Няма для яе перашкод! Колас. Блок камуністаў і беспартыйных.. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае. «Звязда».

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.

2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.

3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.

4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.

ядо́к, едака, м.

1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.

2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.

ядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Прыгодны для спажывання, для скарыстання ў ежу. Ядомыя ягады. Ядомыя грыбы. □ Мяне.. цікавіла — збегаць да маці і падлавіць ад яе што-небудзь ядомае, хоць цукру кавалачак. Гарэцкі. Дома і салома ядома, на чужыне і гарачы тук стыне. З нар.