Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпіён, ‑а, м.

Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.

[Ням. Spion.]

шпіёніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Займацца шпіёнствам, шпіянажам. Прысутныя сыходзіліся на адной думцы, што хату-чытальню падпалілі тыя ліхаімцы з-за ракі, з тых фальваркаў, дзе хаваюцца кантрабандысты, якія засланы да нас з-за мяжы, каб шпіёніць і наводзіць жах на насельніцтва. Хведаровіч. // Разм. Падпільноўваць каго‑н. Асташонак рэзка ўзняў галаву: — А — аа, дык гэта ты за мной шпіёніш? Ваданосаў.

шпіёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да шпіён.

шпіёнскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпіёна, шпіёнства; які належыць шпіёну. Прыйдзе ўвечары Наўмыснік, прынясе шпіёнскія матэрыялы. Чорны. Гледачу было зразумела, што толькі так можна размаўляць у абставінах паліцэйскага нагляду, шпіёнскага сыску. Рамановіч.

шпіёнства, ‑а, н.

Тое, што і шпіянаж; вышукванне, высочванне каго‑, чаго‑н. Яму [следчаму] было дастаткова ўпэўненасці каменданта паліцыі і некаторых паліцэйскіх, што толькі грамадоўцы маглі забіць Сашку, помсцячы за яго правакацыі і шпіёнства. Машара.

шпік 1, ‑у, м.

Спец. Касцявы мозг.

шпік 2, ‑а, м.

Разм. Тое, што і шпег. Да нас набліжаўся патруль: два паліцыянты і шпік у цывільным адзенні. Карпюк. Шпікі яшчэ досвіткам распачалі «паляванне». Яны арыштоўвалі кожнага падазронага. Таўлай.

шпікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Тое, што і шпіёніць. Цесць у эвакуацыі, а зяць шпікуе і цяпер пра гэта ведаюць усе ў мястэчку. Навуменка.

шпі́левы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да шпіля (у 2 знач.); прызначаны для шпіля. Шпілевы электраматор.

шпі́лечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шпількі, да вырабу шпілек. Шпілечная вытворчасць.

2. Спец. Звязаны з прымяненнем, выкарыстаннем шпілек (у 4 знач.). Шпілечнае мацаванне. Шпілечнае злучэнне.

шпіль, ‑я, м.

1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.

2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.

[Ад ням. Spill.]