функцыяне́р, ‑а, м.
Чалавек, які выконвае якую‑н. функцыю; работнік. Альбіна даведалася, што Станіслаў, як функцыянер падпольнага Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, быў пасланы на Навагрудчыну для арганізацыі забастоўкі рабочых фальваркаў. Сабаленка.
[Фр. fuctionnaire.]
функцыяні́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. функцыяніраваць.
функцыяні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Выконваць свае функцыі, быць у дзеянні, працаваць. Рэшткі падлогі і абліцоўкі сцен сведчаць аб тым, што царква.. была дабудавана і функцыяніравала на працягу невялікага часу, пасля чаго была разбурана. «Беларусь». // (са словамі: «як» і «у якасці» каго-чаго). Выконваць пэўныя функцыі. Так адкрываецца Віцебскі гарадскі музей, які з кастрычніка 1919 г. пачынае функцыяніраваць як музей гісторыка-археалагічны. «Помнікі».
фунт 1, ‑а, М ‑нце, м.
1. Руская мера вагі, роўная 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы. Насечкі на пруце зроблены па старой сістэме — на фунты. Два з палавінай фунты роўны кілаграму. Жычка. // У Вялікім княстве Літоўскім — мера вагі, якая з 1766 г. адпавядала 374,82 г.
2. У краінах з англійскай сістэмаю мер — мера вагі, роўная 453,6 г.
•••
Пачым фунт ліха (ведаць, зазнаць, паказаць і пад.) — як цяжка ў горы, у нястачы.
[Ням. Pfund ад лац. pondus — вага, гіра.]
фунт 2, ‑а, М ‑нце. м.
1. Грашовая адзінка Вялікабрытаніі; тое, што і фунт стэрлінгаў. Было калісьці так: англійскі фунт На біржах свету ўздымаў тайфун. Панчанка.
2. Грашовая адзінка Арабскай Рэспублікі Егіпет, Лівана, Судана, Сірыі і некаторых іншых краін.
•••
Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка Вялікабрытаніі, роўная 100 пенсам.
[Англ. pound (sterling).]
фунтаві́к, ‑а, м.
Разм. Гіра вагой у адзін фунт.
фунто́вы, ‑ая, ‑ае.
Вагой у адзін фунт. Фунтовая гіра.
фунто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Разм.
1. Сорт летніх, вялікіх груш, якія растуць на Беларусі. — Дзічка, — сказаў Мікалай, задзіраючы галаву на грушу. — Яна лепш.. за фунтоўку або сапяжанку, — сказаў Юрка. Чорны.
2. Плод гэтай грушы.
фу́ра, ‑ы, ж.
1. Вялікія калёсы для перавозу грузаў, паклажы. Дзёмін вынес на двор мінамёт, паклаў на параконную фуру, на якой стаялі скрынкі з мінамі. Кудравец. След вёў на бліжэйшую леснічоўку і заканчваўся пад нагружанай сухім ламаччам фурай стражніка. Паслядовіч.
2. Крытая павозка. Вялізныя санітарныя фуры стаялі ў строгім парадку. Асіпенка. За апошняй цыганскай фурай валюхае на жалезным ланцугу злінялы, з бурай поўсцю мядзведзь. Навуменка.
3. Крыты кузаў на калёсах, машыне і пад. [Мятліцкі] прыцягнуў аднекуль каламажку, з фураю наверсе, але лёгкую ў хадзе, на гумавых колах. Савіцкі.
фура́ж, ‑у, м.
Раслінны корм для свойскай жывёлы і птушак. Сама [цётка Зося] атрымлівала фураж, карміла, паіла жывёлу ўсю зіму аж да вясны. Бялевіч.
[Фр. fourrage.]
фура́жачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фуражкі; звязаны з вырабам, продажам фуражак. Фуражачная майстэрня.