Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

флатацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да флатацыі, прызначаны для флатацыі. Флатацыйны апарат. // Які атрымліваецца ў працэсе флатацыі. Флатацыйныя адходы.

флата́цыя, ‑і, ж.

Спец. Метад абагачэння карысных выкапняў, заснаваны на ўсплыванні здробненых частачак выкапня, у той час калі пустая парода асядае на дне абагачальнага прыстасавання.

[Англ. flotation — усплыванне.]

флаты́лія, ‑і, ж.

1. Злучэнне ваенных суднаў, прызначаных для дзеянняў на рэках, азёрах, у прыбярэжнай паласе мора. Рачная флатылія.

2. Атрад караблёў спецыяльнага прызначэння. Кітабойная флатылія. // Вялікая колькасць суднаў. За імі [першымі чоўнамі] адразу накіравалася цэлая флатылія, не менш дваццаці чоўнаў: гэта былі тыя хлопцы і дзяўчаты, якім карцела паглядзець, як будзе адбывацца ўся дзея. Дубоўка. / у перан. ужыв. Як плыты, гоніць вецер цяжкія хмары на поўдзень, і ахоплены роздумам аб лёсе народа пецярбургскі студэнт хоча плысці з флатыліяй хмар у родную Беларусь вестуном буры. У. Калеснік.

[Фр. flottille, іт. flottiglia.]

фла́тэр, ‑у, м.

Спец. Спалучэнне выгінальных і круцільных ваганняў у крылах і іншых элементах канструкцыі самалёта, што прыводзяць да разбурэння самалёта. Барацьба з флатэрам крыла самалёта.

[Англ. flutter.]

флаці́раванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. флаціраваць.

флаці́равацца, ‑руецца; незак.

Спец. Падвяргацца флатацыі.

флаці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Спец.

1. што і без дап. Падвяргаць флатацыі (руду, карысныя выкапні).

2. без дап. Тое, што і флаціравацца.

флаэ́ма, ‑ы, ж.

Спец. Тканка вышэйшых раслін, якая служыць для падачы арганічных рэчываў, што сінтэзуюцца галоўным чынам у лістах; тое, што і луб (у 1 знач.).

[Ад грэч. phloios — кара, лыка.]