Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяздо́лле, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць шчаслівай долі; нядоля. Плакала маладзіца над сваім бяздоллем, і квас, які піла, быў з горкімі слязамі. Хадкевіч.

бяздо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяздольнага; бяздолле.

бяздо́льнік, ‑а, м.

Разм. Той, у каго няма шчаслівай долі; нешчаслівы чалавек.

бяздо́льніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да бяздольнік.

бяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае шчаслівай долі; няшчасны. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Той час мінуў, калі ў бядзе і скрусе Рабом палоскі вузкай і сахі Быў люд бяздольны даўняй Беларусі — Жыхар нізін, балот і пушч глухіх... Звонак.

бяздо́мак, ‑мка, м.

Разм. Той, хто не мае свайго жылля і сям’і; беспрытульны чалавек, валацуга. [Каліта:] — Усе маюць свае хаты, адзін старшыня, як бяздомак, жыве на чужой кватэры. Паслядовіч. Не адразу некрашоўцы пазналі бяздомка Амелю. Лобан.

бяздо́мнасць, ‑і, ж.

Стан бяздомнага; беспрытульнасць.

бяздо́мнік, ‑а, м.

Разм. Бяздомны чалавек. [Ліда] яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго [Лабановіча], бяздомніка, можа, і глядзець не захоча. Колас. Крыху пазней яны [беларусы] належным чынам усвядомілі, што ж адбылося там, за Бугам. Яны — бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве — зноў увайшлі ў сваю вялікую сям’ю, зноў далучыліся да Савецкай Радзімы... Брыль.

бяздо́мніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да бяздомнік.

бяздо́мніцтва, ‑а, н.

Тое, што і бяздомнасць. Дык вось ён які, новы паваротак у жыцці! У якім жыцці? У бяздомніцтве, у блуканні паміж небам і зямлёю. Колас.