Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязво́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сілы волі; нерашучы, слабахарактарны. Бязвольная натура. □ [Лабановіч:] — Няўжо мы, Алесь, такія бязвольныя, што гэтых спакус не можам здолець? Бо гэта ж ёсць прызнанне свайго бяссілля, раз ты баішся спакусы. Колас. Абыякавасць, пасіўнае назіранне за падзеямі ўласцівы для натур бязвольных. Пшыркоў.

бязву́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Без вусоў. Тут [у лагеры] былі людзі розных узростаў: бязвусыя юнакі і такія, як Карп Маеўскі. Шамякін.

2. Безасцюковы. Бязвусая пшаніца.

бязву́хі, ‑ая, ‑ае.

Без вуха, аднавухі; без вушэй. // Без вушка. Бязвухі збан.

бязвы́езны, ‑ая, ‑ае.

Аб працяглым без выездаў жыцці, знаходжанні на адным месцы.

бязвы́платны, ‑ая, ‑ае.

Бясплатны, дармавы. Бязвыплатная дапамога. Бязвыплатнае карыстанне.

бязвы́хаднасць, ‑і, ж.

Тое, што і безвыходнасць. Бязвыхаднасць становішча.

бязвы́хадны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і безвыходны.

бязглу́здасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязглуздага; недарэчнасць. Бязглуздасць становішча. Бязглуздасць памеру.

бязглу́здзіца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што пярэчыць сэнсу; глупства, недарэчнасць. [Зёлкін:] Не можа быць, каб вы, Аляксандр Пятровіч, такую бязглуздзіцу напісалі. Крапіва.

бязглу́зды, ‑ая, ‑ае.

1. Неразумны; які нічога не разумее; бесталковы. Бязглузды чалавек. // Які выражае адсутнасць думкі; тупы. Бязглузды выгляд.

2. Пазбаўлены сэнсу, зместу; недарэчны. Прыгадаліся [Анатолю] вечары ў цешчы Адзелаіды Сяргееўны, напоўненыя сумам, бязглуздымі гульнямі і агідным крыўляннем. Асіпенка. Але тое, што Іван схаваўся ад адказнасці ў кусты, пабаяўся з’явіцца на сход, прыслаўшы толькі нейкую бязглуздую запіску, канчаткова збянтэжыла Колю. Шахавец. [Сухадольскі Русаковічу:] А я заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Быкаў.