Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аптымісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аптымістычнага.

аптымісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Прасякнуты аптымізмам, жыццярадасны. Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да.. [Шыковіча] вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі. Шамякін.

апты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з оптыкай; які мае адносіны да оптыкі. Аптычная майстэрня. □ Пятроў навёў аптычны прыцэл і выпусціў першую чаргу. Лупсякоў.

2. Які ўзнікае па законах адбіцця і праламлення праменяў святла; светлавы. Аптычная з’ява. Горны крышталь мае аптычную актыўнасць.

аптэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Установа, дзе па рэцэптах урачоў робяцца і адпускаюцца лякарствы, прадаюцца санітарна-гігіенічныя, касметычныя і інш. прадметы. [Кузняцоў:] — І не задумвайцеся, неадкладна ідзіце працаваць у аптэку. Новікаў.

2. Набор лякарстваў, неабходны для першай дапамогі або хатняга лячэння; аптэчка. Хатняя аптэка.

•••

Як у аптэцы — вельмі дакладна.

[Ад грэч. apotheke — склад.]

аптэ́кар, ‑а, м.

1. Уст. і разм. Работнік аптэкі, які робіць лякарствы; фармацэўт.

2. Уст. Уладальнік аптэкі.

аптэ́карка, ‑і, ж.

Жан. да аптэкар.

аптэ́карскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да аптэкара. Аптэкарская пасада.

2. Звязаны з аптэкай. Аптэкарскія тавары.

аптэ́карыха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.

Уст. Жонка аптэкара.

аптэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да аптэка (у 2 знач.). Апошні з аптэчкі бінток, Апошняму рану бінтуе [маці]. Бялевіч.

аптэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аптэкі. Аптэчная шафа.