Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апры́кры, ‑ая, ‑ае.

Які стаў непрыемным, прыкрым, нязносным з-за аднастайнасці, паўтарэння і пад. А ў сэрцы дзявочым схавана так многа апрыкрага жалю. Дубоўка.

апрыто́мнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Прыйсці да прытомнасці, ачуцца. Пад раніцу спала пякельная гарачка, і.. [Максімка] апрытомнеў. Сабаленка. Сарокін апрытомнеў на судне-кране, калі знялі скафандр. Данілевіч. // Апамятацца, набыць здольнасць спакойна дзейнічаць і разважаць. Па тым, што да іх падбег толькі адзін чалавек, Арлоўскі здагадаўся, што бой яшчэ не скончаны. Ад гэтай думкі ён адразу апрытомнеў. Паслядовіч.

апрыхо́даванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрыходаваць.

апрыхо́даваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апрыходаваць.

апрыхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Спец. Запісаць у прыход. Сёння камісія ад праўлення калгаса апрыходавала стагі сена, што сёй-той быў накасіў без дазволу на калгаснай сенажаці. Сачанка.

апры́чнік, ‑а, м.

Служылы дваранін, які ў час даравання Івана IV знаходзіўся ў радах апрычніны (у 2 знач.). // перан. Пагард. Аб царскім паліцэйскім, жандару.

апры́чніна, ‑ы, ж.

1. Сістэма надзвычайных мерапрыемстваў, ажыццёўленых Іванам IV для разгрому баярска-княжацкай апазіцыі і ўмацавання Рускай цэнтралізаванай дзяржавы.

2. Спецыяльнае войска Івана IV, якое высочвала і выкараняла «крамолу».

3. Землі, якія былі адабраны Іванам IV у баяр і знаходзіліся ў яго кіраванні.

апры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апрычніны. Апрычнае войска. Апрычныя ўладанні.

апрэ́гчыся, апрагуся, апражэшся, апражэцца; апражомся, апрашацеся, апрагуцца; зак.

Разм. груб. Сканаць, здохнуць ад чаго‑н. празмернага. Юрка не скажа Акцызніку ні слова, ён яго зусім не чуе, хай той крычыць, аж апражэцца, — ён думае зусім-зусім пра другое. Пташнікаў.

апрэ́снены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апрэсніць.