апра́ўдваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да апраўдаць.
2. Абараняць каго‑н., даказваючы яго невінаватасць, справядлівасць яго ўчынкаў і паводзін. — Лепш разумная мана, чымся неразумная праўда, — апраўдвала Вашамірскага бабуля. Бядуля.
апра́ўка, ‑і, ДМ ‑раўцы; Р мн. ‑равак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аправіць.
2. Спец. Прыстасаванне для замацавання на металарэзных станках інструменту або дэталі.
апраўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апраўляць — аправіць.
апра́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аправіць.
апраўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да аправіцца.
2. Зал. да апраўляць.
апраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да аправіць.
апрацава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць апрацаванага.
апрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад апрацаваць.
2. у знач. прым. Атрыманы ў працэсе апрацоўкі. Зліткі шкла ператвараюцца ў апрацаваныя лінзы. «Маладосць».
апрацава́цца, ‑цуецца; зак.
Разм. Набыць неабходныя ўласцівасці ў працэсе апрацоўкі, ужывання.
апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.
2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.
3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.
4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.