Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.

апратэстава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апратэставаць.

апратэстава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апратэставаць.

апратэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Заявіць пратэст супраць чаго‑н.; не згадзіцца з чым‑н. Апратэставаць рашэнне суддзі.

2. Засведчыць афіцыйна факт няплаты ў тэрмін па вэксалю.

апратэсто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да апратэстоўваць.

апратэсто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апратэставаць.

апраўда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які заключае ў сабе апраўданне. Апраўдальны прыгавор.

апраўда́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апраўдаць.

2. Прызнанне падсуднага невінаватым; прыгавор суда, які адхіляе прад’яўленае падсуднаму абвінавачанне. Адвакат патрабаваў апраўдання падабароннага.

3. Довады, якімі можна апраўдаць каго‑, што‑н. [Паходня:] — Ты шукаеш апраўдання, Захаравіч, супакойваеш самога сябе. Хадкевіч. // Тлумачэнне, у якім прыводзяцца падставы, якія дазваляюць апраўдаць каго‑, што‑н. У Косці вырвалася міжволі ні то апраўданне, ні то просьба, ні то скарга. Карпюк.

апраўда́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад апраўдаць.

2. у знач. прым. Які знаходзіць апраўданне ў чым‑н. Усё гэта радавала Ганну і выклікала апраўданую гордасць за мужа. Васілевіч.

апраўда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Даказаць сваю невінаватасць. Гарык памкнуўся быў апраўдацца, але слухаць яго доказы не было ўжо каму. Скрыпка.

2. Пацвердзіцца; аказацца правільным, не дарэмным. Здагадкі мае не апраўдаліся. Дзяўчынка аказалася працавітай. Асіпенка.

3. Акупіцца, атрымаць кампенсацыю. Выдаткі ўсе апраўдаліся.