апрача́, прыназ. з Р.
1. За выключэннем каго‑, чаго‑н. Усе партызаны, апрача сакратара, былі незнаёмыя людзі. Шамякін.
2. Звыш чаго‑н., у дадатак да чаго‑н. На папялішчы, апрача печы, тарчалі шкілеты абгарэлых жалезных ложкаў. Якімовіч.
•••
Апрача таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго, да таго ж.
апрашча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да апрасціцца.
апрашчэ́нне, ‑я, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрашчацца — апрасціцца.
апро́ствацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апрастацца (у 1 знач.).
2. Зал. да апростваць.
апро́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апрастаць.
апро́ч, прыназ. з Р.
Тое, што і апрача. Нічога не скажаш, апроч: век жыві і век вучыся. Грамовіч. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала: — У іх ёсць хлопчык Ігар. Брыль. Апроч усяго, Аўгіння ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас.
апруцяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Застылы, скарчанелы (пра труп, часткі мёртвага цела). Ляжаў .. [Амелька] апруцянелы, з раскінутымі рукамі, пасінелы, агідны, як і ўсё яго жыццё. Сабаленка.
2. Які страціў адчувальнасць; анямелы, адубелы.
апруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Застыць, скарчанець (пра труп, часткі мёртвага цела). [Ракуцька:] — Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі яго [немца] ногі і апруцянелі навек. Чорны.
2. Страціць адчувальнасць; анямець, адубець. Цела проста апруцянела і страціла здольнасць што-небудзь успрымаць. Чарнышэвіч.
апрыёрнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць апрыёрнага: незалежнасць ад вопыту.
апрыёрны, ‑ая, ‑ае.
Які папярэднічае вопыту, не залежыць ад яго; які не заснаваны на вопыце; проціл. апастэрыёрны. [Жураўскі:] — Але лабараторыя — тая ж практыка. Апрыёрныя вывады правяраюцца доследамі, вопытам. Шамякін.