Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апрацава́цца, ‑цуецца; зак.

Разм. Набыць неабходныя ўласцівасці ў працэсе апрацоўкі, ужывання.

апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.

2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.

3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.

4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.

апраці́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць агідным, невыносным для каго‑н. Яго гаспадар Сымон, Ракуцька здорава такі .. апрацівеў [Паліводскаму] сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе і вопратцы. Чорны. Усё.. [Нэлі] раптам апрацівела: і сённяшні вечар з нечаканай трывогай ад сустрэчы з Ласухам, падман маці, п’яны голас Сцяпана. Савіцкі.

апрацо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрацоўваць — апрацаваць.

апрацо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да апрацавацца.

2. Зал. да апрацоўваць.

апрацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апрацаваць.

апрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрацаваць.

•••

Браць у апрацоўку гл. браць.

апрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для апрацоўкі. Апрацоўчая машына. Апрацоўчая прамысловасць.

2. Які мае адносіны да апрацоўкі. Апрацоўчыя работы.

апрацо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па апрацоўцы чаго‑н.

апрацо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да апрацоўшчык.