Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апраста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Вызваліцца, ачысціцца ад чаго‑н.

2. Абл. Нарадзіць. Адзін кандытар вельмі плакаў, што жонка ў яго павінна праз колькі дзён апрастацца ад цяжару. Гарэцкі.

апраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Вызваліць, ачысціць ад чаго‑н. Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі. Якімовіч.

апрасці́цца, апрашчуся, апросцішся, апросціцца; зак.

Зрабіцца прасцейшым у звычках, спосабе жыцця і пад. — Апросцімся, браты! — гукнуў.. [Веньямін], не сыходзячы з ганка, прычэсваючы ўскудлачаныя валасы. — Будзем як дзеці! Навуменка.

апра́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апратаць.

апра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Набыць выгляд чыстага, здаровага чалавека; абмыцца.

2. Паздаравець, паправіцца. [Жанчына] больш як год хавала [Івана] ў сваёй хаце, пакуль ён не апратаўся і не пайшоў у партызаны. Сачанка.

апра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Вызваліць, ачысціць ад усяго непатрэбнага; надаць чысты, прыбраны выгляд; абмыць. Гэтая [жонка] неяк апратала, улагодзіла.. [Адама], і нават яе двое дзяцей ад першага мужа.. нібы і не замінаюць гаспадару. Сабаленка. [Марыля:] — Скідай з сябе ўсё. Апратаю цябе трохі ды пойдзеш. Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан.

апра́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да апратваць.

апра́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апратаць.

апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.

апратэстава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апратэставаць.