Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апрабо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да апрабоўваць.

апрабо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апрабаваць (у 1 знач.).

апра́ва, ‑ы, ж.

1. Рамка, абалонка, у якую ўстаўляецца што‑н. Заскочыла ў хату Аленка.., зірнулася ў люстэрачка ў бляшанак, аправе і на вуліцу выйшла. Колас. // Рамка ці што‑н. падобнае, што з’яўляецца аздобай чаго‑н. Шабля ў сярэбранай аправе.

2. Тое, што акружае як рамка. У раскошнай аправе праменняў з’явілася сонца. Самуйлёнак.

3. Металічнае пакрыццё, якое аздабляе абраз; абклад.

апра́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, выкарыстоўваецца для аправы (у 1, 3 знач.).

апра́віцца, апраўлюся, аправішся, аправіцца; зак.

1. Паправіцца, ачуняць; аднавіць свае сілы. Але гэтым разам не памёр стары, аправіўся. Гарэцкі. Андрыяну Цітавічу хацелася нешта такое гаварыць, нешта такое рабіць, каб Уладзік хутчэй аправіўся ад гора, ад пакутлівых перажыванняў. Марціновіч. // Дасягнуць ранейшага або блізкага да ранейшага стану. Аправіцца ад вайны.

2. Разм. Спаражніцца. Параўняўшыся з.. [вярбою], Булякін весела, жартаўліва скамандаваў: — Стой! Аправіцца, пакурыць! Колас.

апра́віць, апраўлю, аправіш, аправіць; зак., што.

Уставіць у аправу. Аправіць партрэт.

апрадме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., што.

Кніжн. Надаць абстрактнаму паняццю прадметную сутнасць.

апрадме́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апрадмеціць.

апрадме́чванне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрадмечваць — апрадмеціць.

апрадме́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апрадмеціць.