Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пяціпрацэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае пяць працэнтаў чаго‑н. Пяціпрацэнтны раствор соды.

пяціпудо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае пяць пудоў вагі. Пяціпудовыя мяхі.. мужчына хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч.

пяцірадко́ўе, ‑я, н.

Верш або страфа з пяці радкоў.

пяціразо́вы, ‑ая, ‑ае.

Прароблены пяць разоў. Пяціразовае наведванне. Пяціразовае кармленне.

пяцірублёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю ў пяць рублёў. Пяцірублёвая аблігацыя.

2. Коштам у пяць рублёў. На сцяне весела цікаў пяцірублёвы гадзіннік. Асіпенка.

пяцірублёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм. Грашовы знак вартасцю ў пяць рублёў. Дзве пяцірублёўкі.

пяціскладо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае пяць складоў. Пяціскладовае слова.

пяцісотгадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца пяцьсот гадоў. Пяцісотгадовы тэрмін.

2. Які мае пяцьсот гадоў. Пяцісотгадовы дуб.

3. Які мае адносіны да пяцісотгоддзя (у 2 знач.).

пяцісотго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу, тэрмін у пяцьсот гадоў.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося пяцьсот гадоў таму назад.

пяцісо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Дыстанцыя ў 500 м.