пяцьдзеся́т, пяцідзесяці, Т пяццюдзесяццю, ліч. кольк.
Лік і лічба 50. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 50. Пяцьдзесят метраў.
пяцьсо́т, пяцісот, Д пяцістам, Т пяццюстамі, ліч. кольк.
Лік і лічба 500. Пяцьсот падзяліць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 500. Пяцьсот студэнтаў.
пяцярны́, ‑ая, ‑ое.
Разм.
1. Які складаецца з пяці аднародных ці падобных частак, прадметаў.
2. Павялічаны ў пяць разоў, большы ў пяць разоў.
пяцярня́, ‑і, ж.
Разм. Далонь з пальцамі; кісць. Вышэй ад Галадая ўзяўся рукою Жук, над ёю сашчапіліся вузлаватыя Янушкавы пальцы, потым — далонь Срэбнікава, за ёй шырокая Цярэшкава пяцярня. Быкаў. Бацька нязграбна, неяк усёй пяцярнёй, браў ручку і выводзіў: «Михаилъ Мыцкевичъ». С. Александровіч.
пяча́йка, ‑і, ДМ ‑чайцы, ж.
Абл. Пякотка. Ганька ведае: значыць, маме зноў было нядобра, зноў балеў жывот і пякла пячайка... Васілевіч.
пяча́танне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пячатаць.
пяча́тацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пячатаць.
пяча́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Узнаўляць (фотаздымак) з негатыва.
пяча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і пячаць; невялікая пячаць. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі. Колас. На ўсім яшчэ ляжыць вельмі прыкметная жахлівая пячатка вайны. Бугаёў.
пяча́ць, ‑і, ж.
1. Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Прыёмшчык напісаў на куску паперы, колькі Максімка здаў жыта, прылажыў да паперы пячаць. Чорны. // Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго‑н. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх сургучная пячаць, Свежыя, часопісы, газеты, Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў.
2. перан. След, адбітак чаго‑н. Спакой халодны, амярцвелы Паклаў на ўсё сваю пячаць, Але жыве старая хата. Колас. Слоўны мастацкі вобраз .. п’ес [Купалы] нясе на сабе пячаць фальклорнай традыцыі. Ярош.
•••
За сямю пячацямі — тое, што і за сямю замкамі (гл. замок).
Налажыць пячаць гл. налажыць.