пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
пяшчо́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць пяшчотнага. Пяшчотнасць свайго бацькоўскага пачуцця дзед выказваў, як заўсёды, па-свойму. Брыль.
2. Ласкавасць, пяшчота. Матулі роднай вобраз мілы, Пяшчотнасць, любасць да мяне, Яе аб дзецях клопат шчыры Усплываюць часта ў светлым сне. Журба. Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць. Брыль.
пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.
2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.
пяшэ́чкам, прысл.
Разм. Пяшком. Ускінуў я за плечы свой мяшэчак, Прымайстраваў на рэмень кацялок, Іду знаёмаю дарогаю пяшэчкам І ўбачыў ваш калгас яшчэ здалёк. Вітка. На гарсаветаўскі аўтобус і не зірнуў [Андрэй], пяшэчкам збіраецца ісці. Лобан.
пяю́н, пеюна, м.
Разм. Той, хто вельмі любіць пець, многа спявае; пявун.
пяю́ха, ‑і, ДМ ‑юсе, ж.
Разм.
1. Пеўчая птушка. У залатой лістоце дрэў чуваць ля сонечнай палянкі з маленства вывучаны спеў пяюхі сціплай — берасцянкі. А. Вольскі.
2. Жан. да пяюн.
пяя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пяяць.
пяя́цца, пяецца; незак.
Абл. Спявацца. Песня і без свята пяецца — свята без песні не святкуецца. «Звязда».
пяя́ць, пяю, пяеш, пяе; пяём, пеяце; пр. пяяў, ‑яла; незак., што і без дап.
Абл. Спяваць, пець. Янка спыніўся і пачаў узірацца, каб убачыць птушачку, што так хораша пяяла песню вясне. С. Александровіч. Спаў Папас позна і прачнуўся тады, як за дзвярыма яго пакоя пачала пяяць дачка гаспадыні. Галавач.
р, нескл., н.
1. Васемнаццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «эр». Друкаванае р. Вялікае Р.
2. Санорны, пярэднеязычны, зацвярдзелы, дрыжачы зычны гук.