Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пяцёрачніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да пяцёрачнік.

пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).

2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.

4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.

5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.

пяці...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які мае пяць адзінак таго, што названа ў другой частцы, напрыклад: пяцівугольны, пяцісценка; 2) які складаецца з пяці адзінак або мерай у пяць якіх‑н. адзінак, напрыклад: пяцігадовы, пяціпавярховы, пяціскладовы.

пяціакто́вы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з пяці актаў. Пяціактовая п’еса.

пяціба́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае пяць балаў. Пяцібальны вецер.

2. Разлічаны на пяць балаў. Пяцібальная сістэма ацэнкі паспяховасці.

пяцібо́рац, ‑рца, м.

Спартсмен, які займаецца пяцібор’ем.

пяцібо́р’е, ‑я, н.

Комплекс фізічных практыкаванняў па пяці відах спорту, а таксама спартыўнае спаборніцтва па гэтаму комплексу.

•••

Сучаснае пяцібор’е — від спорту, які ўключае верхавую язду, фехтаванне, стральбу, плаванне, бег па перасечанай мясцовасці.

пяцібо́рства, ‑а, н.

Тое, што і пяцібор’е.

пяцівёрстка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Геаграфічная карта з маштабам пяць вёрст у цалі.

пяцівуго́льнік, ‑а, м.

Геаметрычная фігура, абмежаваная замкнутай ломанай лініяй, звёны якой ўтвараюць пяць вуглоў.