Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да пяць. Пяты дзень. Пяты вагон. Пяты год.

2. у знач. наз. пя́тая, ‑ай, ж. Пятая частка чаго‑н. Адна пятая насельніцтва.

•••

Пятая калона гл. калона.

Пятае кола ў возе гл. кола.

Пятае цераз дзесятае; з пятага на дзесятае — непаслядоўна, без падрабязнасцей (расказаць, адказаць і пад.).

п’я́ўка, ‑і, ДМ п’яўцы; Р мн. п’явак; ж.

1. Прэснаводны чарвяк, які корміцца кроўю жывёл, прысмоктваючыся да іх цела. Конская п’яўка. Медыцынскія п’яўкі. □ У балоце кішма кішаць п’яўкі, гадзюкі... Грамовіч.

2. перан. Крывапівец, паразіт, прыгнятальнік. І як ні кляў ён [Антось] гэту п’яўку, Ды мусіў даць рубля за спраўку. Колас. [Следчы:] — І не сорам вам быць п’яўкай, жыць за чужы кошт? «Звязда».

пяхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.

Род войска, якое дзейнічае пешым парадкам. Служыць у пяхоце. Марская пяхота. □ Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі топкі і пяхота. Мележ.

пяхо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пяхоты. Пяхотны полк. // Прызначаны для пяхоты, для пехацінца. Пяхотнае абмундзіраванне. Пяхотныя пятліцы. // Які служыць у пяхоце. Пяхотны афіцэр.

пяхце́р, пехцяра, м.

1. Абл. Кашэль, торба. [Селянін] прывесіў да аглоблі пяхцер з мурагом, выцягнуў з-пад сядзення гуньку і тады толькі пакрыў ёю каня. Лобан.

2. Разм. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. — Гэй, ты, пяхцер, разлёгся тут бабай разанскай, нельга і да арбы падысці, — раздаецца раптам голас Ваські Шкетава. Лынькоў.

пяце́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пятлі (у 2 знач.). Пяцельны рад. Пяцельная дзірка. // Прызначаны для петляў, для апрацоўкі петляў. Пяцельны шнур. Пяцельная машына.

пяце́льшчык, ‑а, м.

Кравец, які спецыяльна займаецца абкідваннем петляў.

пяце́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пяцельшчык.

пяцёра, ‑цярых, ліч. зб.

Пяць (ужываецца з назоўнікамі мужчынскага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік, і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). Пяцёра дзяцей. □ За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Колас. У той дзень зранку пяцёра .. [зняволеных] у паўразбураным начною бамбёжкаю цэху выкопвалі неўзарваную бомбу. Быкаў.

пяцёрачнік, ‑а, м.

Разм. Вучань, які звычайна атрымлівае пяцёркі; выдатнік. [Андрэйка:] — Вядома, я не такі, як ты, не пяцёрачнік. Сераднячок. Гамолка. Ну вось Валодзька і паказаўся. І, здаецца, нічога сабе: пяцёрачнікам прыехаў. Кірэйчык.