Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пясцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пясца. Пясцовае футра. // Зроблены з футра пясца. Пясцовы каўнер.

пясць, ‑і, ж.

Аснова кісці рукі: пяць злучаных паміж сабою костачак, ад якіх адыходзяць фалангі пальцаў. На пясці левай рукі Тараса і на сённяшні дзень відаць сляды іклаў нямецкай аўчаркі. Паслядовіч.

пясча́нік, ‑у, м.

Асадкавая горная парода, змацаваны вапнай і глінай пясок, які ужываецца ў будаўніцтве. Камень-пясчанік.

пясча́нікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пясчаніку. Пясчанікавыя адклады.

пясча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Грызун, знешне падобны да пацука, які водзіцца ў пустынных стэпах, пустынях, на раўнінах з пясчанай і гліністай глебай.

2. Род травяністых раслін сямейства гваздзіковых, якія растуць на сухіх пясчаных месцах.

пясча́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пяску, пяскоў. Пясчаны край. Пясчаныя залежы. // Які складаецца з аднаго пяску, пакрыты пяском, пяскамі. Пясчаныя рачныя выспы. Пясчаная сцежка. Пясчаныя пустыні. □ Разгалістыя сосны.. раскінуліся на пясчаным узгорку. Колас.

2. З вялікай прымессю пяску; пескаваты. Пясчаная глеба. Пясчанае поле. □ Ворная зямля ў малінаўцаў была.. напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

3. Як састаўная частка назваў раслін і жывёл, што растуць або жывуць на пяску, у пясках. Пясчаная акацыя. Пясчаны барсук.

пясчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Крупінка пяску.

пята́, ‑ы́, ДМ пяце́; мн. пя́ты (з ліч. 2, 3, 4 пяты́), пят; ж.

1. Задняя частка ступні. Андрэй паглядзеў .. [цётцы Таццяне] услед, як яна ішла па халоднай зямлі босымі нагамі з парэпанымі пятамі. Пестрак. // Частка панчохі або шкарпэткі, якая закрывае гэтую частку ступні. Гэлька, Лявонава дачка, рабіла парцяную панчоху — дарабляла пяту. Баранавых.

2. Спец. Апорная частка чаго‑н. (якая іншы раз устаўляецца ў якую‑н. аснову, гняздо).

•••

Ахілесава пята — пра слабае месца каго‑н. (паводле грэчаскага міфа, Ахілес меў толькі адно слабае месца на целе — пяту, ад раны ў якую і загінуў).

З галавы да пят; ад пят да галавы гл. галава.

Кату па пяту гл. кот.

Наступаць на пяты каму гл. наступаць.

Падмазаць пяты гл. падмазаць.

Пад пятой каго або чыёй — пад уладай, пад прыгнётам.

Па пятах — неадступна, услед (хадзіць).

Сесці на пяты каму гл. сесці.

пята́к, ‑а, м.

Разм. Пяцікапеечная манета. Пасажыры купляюць, спяшаюцца, соваюць дзецям пятакі, грыўні, на хаду кідаюць ягады ў рот, бягуць назад у вагоны. Хомчанка.

пя́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пяты (у 1 знач.). Пятачнае сухажылле.