Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пясня́рскі, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які мае адносіны да песняра; такі, як у песняра. Пяснярская слава. Пяснярскі дар.

пясо́к, ‑ску, м.

1. Горная парода, якая складаецца з асобных вельмі дробных часцінак кварцу або іншых цвёрдых мінералаў. Жоўты пясок.

2. пераважна мн. (пяскі́, ‑оў). Вялікія масівы, прасторы такой пароды. Пяскі пустыні. // Пра глебу з вялікай колькасцю такой пароды. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Чорны. — На нашых пясках не скора разбагацееш, — дапамагаў гараваць старшыні Антось Жыгалка. Дуброўскі.

•••

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках, крышталіках у адрозненне ад рафінаду.

Пабудаваць на пяску гл. пабудаваць.

Пясок сыплецца з каго — пра вельмі старога, нядужага чалавека.

пясо́чнік, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і пясочніца (у 4 знач.).

2. Назва дзіцячага касцюма для гульняў з пяском.

пясо́чніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Пасудзінка з пяском для пасыпання і высушвання напісанага чарнілам.

2. Уст. Урна, плявальніца з пяском.

3. У паравозе — скрынка з пяском, які аўтаматычна высыпаецца на рэйкі, калі пачынаюць буксаваць колы. У збірацца на пад’ём было цяжка, колы зноў і зноў буксавалі, і Аляксею ўвесь час прыходзілася ўключаць пясочніцу. Васілёнак.

4. Разм. Скрынка з пяском для дзіцячых гульняў. Няшчасце Віцева было ў тым, што Пеця, рыжы Пеця, з якім яны калісьці разам гулялі ў адной пясочніцы,.. гэты самы Пеця не даў яму першаму запусціць змея. Хомчанка.

пясо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для пяску. Пясочная скрынка.

2. Шэра-жоўтага колеру. Плашч пясочнага колеру.

3. Прыгатаваны з сухога, рассыпістага цеста. Пясочнае пірожнае.

•••

Пясочны гадзіннік гл. гадзіннік.

пясо́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Разм. Рэзка крытыкаваць, прабіраць, сварыцца.

пясто́та, ‑ы, ДМ ‑тоце, ж.

Тое, што і пяшчота. Можа, залішне гэтых пястотаў, можа, маці дарэмна штодня адзявае малую сама? Брыль.

пясту́н, пестуна, м.

1. Той, хто любіць песціцца; балаўнік.

2. Той, каго вельмі песцяць, распешчваюць. [Алень] прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой і, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Шамякін.

пясту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Жан. да пястун.

пя́сцевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пясці. Пясцевыя косці. Пясцевы сустаў.