Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пярэ́рва, ‑ы, ж.

Разм.

1. Прастора, якая раздзяляе якія‑н. масівы; прамежак. Кузня засталася ў пярэрве паміж старымі і новымі Ясенямі. Арочка.

2. Часовы перапынак. З-за гэтых садоў была ў .. [салдата] пярэрва ў карчаванні зямлі. Чорны.

пярэ́смык, ‑а, м.

Абл. Вузкая паласа чаго‑н. або праход паміж двума масівамі лесу, балота. А тут, як дзе на воўчай гаці, Як на пярэсмыках якіх, Цябе трывожыць кожны міг. Колас.

пярэ́сна, ‑ы, ж.

Лугавая расліна сямейства казяльцовых з яркімі, буйнымі кветкамі. Дзе-нідзе рассыпана пярэсна з чырванаватааранжавымі кветкамі, якія нагадваюць сваёй формай садовую ружу. Гавеман.

пярэ́старак, ‑рка, м.

Тое, што і перастарак. Вось ідзе Навамодны.., які да гэтай зімы жыў у Пасынках «прымаком», на вялікую, нечаканую радасць пярэстарку Акуліне. Брыль.

пярэ́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пярэстага (у 1, 2 знач.). На нагах такая пярэстасць, быццам тут сабралі выстаўку стаптанага абутку. Новікаў.

пярэстатка́ны, ‑ая, ‑ае.

Сатканы, вытканы з пражы рознага колеру для асновы і ўтку. Пярэстатканы дыван.

пярэ́ступ, ‑у, м.

Спец. Шматгадовая павойная ядавітая расліна сямейства гарбузовых.

пярэ́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта плямамі, палосамі рознага колеру, які складаецца з чаго‑н. пафарбаванага ў розныя колеры; стракаты, рознакаляровы. Пярэсты дыван. Пярэстая тканіна. □ Марынка была ў шэрай вязанай кофтачцы, надзетай паверх сіняй, паношанай ужо сукенкі, на галаве — пярэстая хустачка, ражкі якой былі завязаны пад падбародкам. Хадкевіч. Вясною захапляюся ўсім: Зялёны бор шуміць над галавой, У новым гомане пярэстыя палі. Броўка.

2. перан. Неаднолькавы па свайму складу; мяшаны, неаднародны. У асноўным жа часопіс [«Трыбуна мастацтва»] налягаў на рэкламу пярэстага рэпертуару тых часоў, даваў разнастайную інфармацыю. Ліс.

3. З вялікімі плямамі, крапінамі; плямісты (пра масць жывёл). [Вінцук] адчыніў хлеў. Адтуль паважна выйшла пярэстая Рагуля, за ёй малодшая чорная Ліпка, а потым выскачыла сёлетняя цялушачка Зорка. Чарнышэвіч. У Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся. Адамчык.

пярэ́сціна, ‑ы, ж.

Разм. Вялікая пляма другога колеру на шэрсці жывёлы, пер’і птушак. На плоце, што адгароджваў гэты двор ад вуліцы, стаяў на моцных шышкаватых нагах прыгожы і магутны певень — шыза-чырвоны, з доўгімі залацістымі пярэсцінамі на шыі. Чыгрынаў.

пярэ́сціцца, ‑ціцца; незак.

Тое, што і пярэсціць ​1 (у 3 знач.). Рознакаляровыя хусткі і шапкі блішчаць на сонцы, пярэсцяцца, нібы невядомыя расліны на дзівосным полі. Бядуля.