Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пярша́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Карова першага цялення; першацёлка.

пяршы́нства, ‑а, н.

Тое, што і першынство. Дэпо трымала пяршынства на дарозе. Расло дэпо, раслі перавозкі. Лынькоў.

пяршы́нстваваць, ‑вую, ‑вуеш, ‑вуе; незак.

Тое, што і першынстваваць.

пяршы́ць, ‑шыць; безас. незак.

Разм. Пра адчуванне раздражнення, козыту (у горле). Сіні тытунёвы дым лёгка плаваў пад столлю. Ад яго пяршыла ў горле, браў кашаль. Адамчык. Ад пылу.., ад гарачыні пяршыла ў горле. Лынькоў.

пяры́на ​1, ‑ы, ж.

Вялікая насыпка, напоўненая пер’ем, на якой спяць або якой накрываюцца. Спаць на пярыне. Накрыцца пярынай. Перасыпаць пярыну. □ Аўгінка ўзбівае пярыны на двух высокіх кляновых ложках. Асіпенка.

пяры́на ​2, ‑ы, ж.

Адно птушынае пяро. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас. Іншаму цяжэй пярыну падняць, чым .. [Пракопу] любое палена ці мяшок. Ермаловіч.

пяры́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пярыны ​1. Пярынная насыпка.

пярэ́бары, ‑аў; адз. няма.

1. Разм. Пераезд, перасяленне. Пярэбары з Сухоншчыны ў Альбуць .. кладуць выразную мяжу ў маім жыцці. Колас. Цяпер, калі хата была парожняя, Аляксею можна было думаць аб пярэбарах сям’і. Пальчэўскі.

2. Абл. Сварка, спрэчка. Вера моўчкі слухала пярэбары. Адчувала, што яна павінна сказаць тут сваё рашаючае слова. Асіпенка.

пярэ́бірак, ‑рка, м.

Абл. Ахапак, пласт сена, саломы і пад., набраны граблямі. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель на пярэбірку свежага сена. Дамашэвіч. У адным стозе Іван Касніцкі ўбачыў, што пярэбірак саломы навісае ўніз. Чорны.

пярэ́варацень, ‑ратня, м.

Паводле паданняў — чалавек, які ператварыўся, абярнуўся ў каго‑, што‑н.

пярэ́вітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кручаны дубец, лазіна, якой перавіваюць калы ў плоце.