пянька́, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.
Канаплянае валакно. [Нямко] то плёў лапці, то віў з пянькі путы, то вымайстроўваў якую-небудзь штуку з чачоткі. Кулакоўскі.
пянько́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пянькі. // Выраблены, зроблены з пянькі. Пяньковы пояс. Пяньковыя вяроўкі. □ Жанчына трымала ў левай руцэ аброць з вузлаватым пяньковым повадам. Мележ.
п’яню́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑нюзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. пагард. Тое, што і п’яніца. Прыцягнуўся нарэшце і Паўлюк Гвардыян, старэйшы брат Цімафея Міронавіча Гвардыяна, але — не ў пару яму — зусім нікчэмны, шалапутны мужык — вялікі гультай і п’янюга. Зарэцкі.
п’яню́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад п’яніць.
2. у знач. прым. Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны. Пачалі чарнець спачатку яры, яміны, лагчыны, а потым пачарнеў і ўвесь стэп, дыхнуў вільгаццю, запахла сырой травой і знік п’янючы мядовы водар. Хомчанка.
пярві́чны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца першым, пачатковым звяном якой‑н. арганізацыі; нізавы. Пярвічныя партыйныя арганізацыі.
пярга́, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
Спец. Пылок кветак раслін, сабраны пчоламі, змочаны нектарам, пакладзены імі ў ячэйкі сотаў і заліты мёдам.
пярна́ч, пернача, м.
Гіст. Старажытная зброя або знак улады: булава, галоўка якой мае выгляд пёраў стралы. Атаманскі пярнач.
пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.