Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пярсцёнак, ‑нка, м.

Прадмет, звычайна з дарагога металу, у форме абадка, абруча, часта з каштоўнымі камянямі, які носіцца на пальцы як упрыгожанне ці як сімвал шлюбу. Панна Рузя часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі. Грэецца. Брыль. Я міжвольна зняў заручальны пярсцёнак з безыменнага пальца правай рукі і схаваў яго ў кішэню камізэлькі. Рамановіч.

пяру́н, перуна, м.

1. Аглушальны ўдар грому. Часцей забегала па хмары бліскавіца, мацней, дзесьці зусім блізка ўжо, стукаў пярун. Галавач. Заляскацелі перуны. Воддаль задымілася сасна, апаленая маланкай. Чарнышэвіч.

2. Бог грому і маланкі ва ўсходніх славян.

•••

Пярун яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (груб.) — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).

пярхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.

Разм. Сухі кашаль, пакашліванне ад перасыхання, раздражнення ў горле; перханне. [Антон Жывіцкі], каб задушыць кашаль, — зняў з шыі хустку і амаль цэлы дзень, аж пакуль не мінулася пярхота, заціскаў ёю рот і нос. М. Ткачоў.

пярху́н, перхуна, м.

Разм. Чалавек, які часта перхае.

пярху́ха, ‑і, ДМ ‑хусе, ж.

Разм. Жан. да пярхун.

пярцо́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пярцоўкі, уласцівы ёй.

пярцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да перцу. Пярцовы пах. // Прыгатаваны з перцу, з перцам. Пярцовая гарэлка. Пярцовы пластыр.

пярцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Гарэлка, настоеная на перцы.

пярчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Крупінка перцу.

пярша́к, першаку, м.

Разм. Тавар першага гатунку. // Першая самагонка з затору ​2. [Стрыбульскі:] Толькі [ёсць] самагонка! Але добрая. Пяршак! Першы сорт! Мележ.