пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).

2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.

4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.

5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)