апле́сці, апляту, апляцеш, апляце; апляцём, аплецяце, аплятуць; пр. аплёў, апляла, апляло; заг. апляці; зак., што.
1. Абвіць чым‑н. гнуткім; пакрыць густым перапляценнем з чаго‑н. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч. // Абвіць, акружыць сабой, утвараючы шчыльнае спляценне. Густы алешнік і месцамі лаза зялёнай сцяной аплялі азёрныя берагі з усіх бакоў. Галавач.
2. перан. Разм. Аблытаць хітрыкамі, ашукаць. [Язэп:] — Апляла.. [Мальвіна] мяне, як павук муху. Чарнышэвіч.
апле́цены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад аплесці.
2. у знач. прым. Які мае аплётку (з дубцоў, дроту і пад.). У кутку стаяла вялікая аплеценая бутля. Паслядовіч.
аплёваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад апляваць; тое, што і апляваны.
2. у знач. прым. Зганьбаваны, пагарджаны. Ідуць хадою непакорных Пад сцяг апошняй барацьбы Усе пасынкі стагоддзяў чорных, Аплёванай зямлі рабы. Хадыка.
•••
Як аплёваны — пра чалавека, якога незаслужана зняважылі, абняславілі.
аплётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Матэрыял, якім што‑н. аплятаецца. Пакрыць дрот аплёткай.
аплёўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. аплёўваць — апляваць.
аплёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да аплявацца.
2. Зал. да аплёўваць.
аплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апляваць.
аплі́к, ‑а, м.
Абл. Металічны кручок для зашпільвання адзення. Заплікнуўшы праз пяты ў дзесяты аплікі даматканай жакеткі, Ігнась выладзіўся на вакзал. Мурашка.
апліка́та, ‑ы, М ‑каце, ж.
У геаметрыі — назва аднаго з трох лікаў, які вызначае становішча пункта ў прасторы адносна прамавугольнай сістэмы каардынатаў.
[Лац. applicata — прыкладзеная.]
аплікату́ра, ‑ы, ж.
1. Спосаб размеркавання пальцаў, найбольш зручны пры ігры на музычных інструментах.
2. Лічбавае абазначэнне над нотамі парадку размеркавання пальцаў музыканта.
[Ад лац. applicare — прыладжваць.]