Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аплікату́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да аплікатуры. Аплікатурныя абазначэнні на нотах.

аплікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аплікацыі.

апліка́цыя, ‑і, ж.

1. Спосаб стварэння арнаменту, мастацкага ўзору або малюнка шляхам наклейвання (нашыўкі) на што‑н. кавалачкаў рознакаляровай матэрыі, паперы і пад.

2. Арнамент, узор, малюнак, створаны такім чынам.

[Ад лац. applicatio — прыкладванне, наклейванне.]

аплі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Пяцелька для плацянога кручка (апліка).

апло́дненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аплодненага.

апло́днены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апладніць.

апло́мб, ‑у, м.

Саманадзейнасць, самаўпэўненасць у гутарцы або ў паводзінах. Гаварыць з апломбам. З апломбам брацца за што-небудзь.

[Фр. aplomb.]

апло́т, ‑у, М ‑лоце, м.

Надзейная абарона, цвярдыня, апора. Толькі самастойная рабочая партыя можа быць цвёрдым аплотам у барацьбе з самадзяржаўем, і толькі ў саюзе з такой партыяй, у падтрыманні яе могуць актыўна праявіць сябе ўсе астатнія барацьбіты за палітычную свабоду. Ленін.

аплы́ваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які аплыў ад дзеяння вады, вільгаці. Аплыватыя стрэхі. // З чым‑н. аплыўшым. Аплыватыя хаты (хаты з аплыўшымі стрэхамі).

аплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аплыць.