Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апі́рышча, ‑а, н.

Тое, што і апора (у 1, 3 знач.). Сам [Лоўгач] нядаўна блукаў у змрочным карагодзе супярэчлівых думак, вагаўся, шукаў апірышча ў жыцці, каб не апусціцца, каб жыць па-людску. Савіцкі. Думкі пра сына былі цяпер адзіным апірышчам [Антона]. Чорны.

апіса́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць апісальнага. Цішка Гартны глыбока пранікае ў падзеі, часткова пазбаўляецца натуралістычнай апісальнасці і схематызму, якія часам адчуваліся ў яго ранніх творах. Хведаровіч.

апіса́льнік, ‑а, м.

Кніжн. Той, хто апісвае што‑н. У рэпартажы вядучыя павінны быць не толькі рэгістратарамі і апісальнікамі падзей. «Звязда».

апіса́льніцтва, ‑а, н.

Натуралістычнае апісанне без спробы тыпізацыі, ацэнкі. Тут [у апавяданні] ужо прыкметна імкненне аўтара не да апісальніцтва, а да тыпізацыі, мастацкага абагульнення з’яў жыцця, характараў людзей. Ларчанка.

апіса́льны, ‑ая, ‑ае.

Пабудаваны на апісанні, абмежаваны адным апісаннем. Апісальная заалогія. Апісальны курс граматыкі.

апіса́нне, ‑я, н.

Слоўная, пісьмовая або вусная, абмалёўка каго‑, чаго‑н. Трэцяе апавяданне пачынаецца апісаннем вечара: як заходзіла сонца, як узнімаўся туман, як пахлі веснавыя дрэвы. Чорны. Тут пачну я апісанне, Як пішацца ў казках, Бо іначай не выходзіць — Слухайце, хто ласкаў! Купала.

апі́саны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад апісаць.

2. у знач. прым. Такі, усе стораны, грані якога з’яўляюцца датычнымі да акружнасці, паверхні (пра многавугольнік, мнагаграннік) або на якім ляжаць усе вяршыні ўпісанага многавугольніка, мнагагранніка (пра акружнасць, шар). Апісаны трохвугольнік. Апісаная прызма.

апіса́ць, апішу, апішаш, апіша; зак., каго-што.

1. Падрабязна расказаць пра каго‑, што‑н.; абмаляваць каго‑, што‑н. сродкамі пісьмовай мовы. Я не буду ўнутр залазіць Падзеяў саўгасных, Апішу толькі, што бачыў Болей-меней ясна. Купала. // перан. Зрабіць тое самае вусна.

2. У сістэматычным парадку пісьмова перадаць асаблівасці, прыметы або склад чаго‑н. з навуковай мэтай. Апісаць гаворку. Апісаць старажытны рукапіс.

3. Скласці поўны спіс якіх‑н. рэчаў дзеля іх ўліку. Апісаць інвентар. // Зрабіць улік і ацэнку маёмасці пры накладанні на яе арышту. Прыйшла сельсавецкая камісія і апісала малатарню. Чорны. // Завяшчаць што‑н. каму‑н. Апісаць хату на дзяцей.

4. Начарціць адну фігуру вакол другой з захаваннем пэўных умоў. Апісаць акружнасць вакол трохвугольніка.

5. Зрабіць рух па крывой, перамясціцца па крывой. Калі ракета апісала дугу і падала ўжо на зямлю, Арцыховіч.. заўважыў сілуэт салдата. Алешка.

апі́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апісваць — апісаць.

апі́свацца, ‑аецца; незак.

Зал. да апісваць.