Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прышы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што.

1. Шыючы, прымацаваць. Прышыць гузік. □ — Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль. [Тамаш:] — Што ж ты без каўняра ходзіш, скажы, няхай табе дома прышыюць. Чорны.

2. Спец. Прымацаваць, прыбіць. Прышыць рэйкі да шпалаў.

3. перан.; што каму. Разм. груб. Несправядліва, ілжыва прыпісаць што‑н., абвінаваціць у чым‑н. — Гэта была памылка, пан афіцэр. Я чалавек маленькі. Мне спрабавалі прышыць тое, чаго я не рабіў. Навуменка. [Станавому прыставу] не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Колас.

4. Разм. Груб. Забіць. [Валенда:] — Дзядок гэты, што тады.. Савецкую ўладу лаяў, — во хто выдаў. Не далі вы мне тады контру гэту прышыць. Асіпенка.

•••

Прышый кабыле хвост — пра каго‑, што‑н. лішняе, непатрэбнае.

прышэ́лец, ‑льца, м.

Прышлы, чужы, не тутэйшы чалавек. Тут [у Канадзе] вельмі многа былых прышэльцаў з усходняй Еўропы. Брыль. — Ого, без дакументаў! — мнагазначна сказаў малады, пільна разглядаючы пакрытыя рубцамі з яшчэ не загоенымі ранамі рукі прышэльца. Лупсякоў. Гаспадар падхапіўся, замітусіўся ля прышэльцаў. Навуменка.

прышэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Суправаджаць якое‑н. дзеянне шэптам.

прышэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які зацвярдзеў, прышэрх. // Які прыстаў, прымацаваўся да чаго‑н.; прыкарэлы. [Фельчар] пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.

прышэ́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прышэрх, ‑ла; зак.

Разм. Трохі, з паверхні зацвярдзець, падсохнуць. Гразь прышэрхла. // Падсохшы, прыстаць, прымацавацца да чаго‑н.

прышэ́сце, ‑я, н.

Кніжн. Прыход, з’яўленне.

прыяда́цца, ‑аецца.

Незак. да прыесціся.

прыязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыехаць.

прыя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыязнага. Прыязнасць адносін.

2. Сяброўскія, добразычлівыя адносіны. Пры апошніх словах Гурына Кавалёў ажывіўся і ўзняў вочы: у іх блішчалі агеньчыкі добрай хітрынкі і таварыскай цеплыні і прыязнасці. Чарнышэвіч. Алаіза адчула прыязнасць да сястры, а самой раптам зрабілася няёмка. Арабей. Здаецца, .. [Мікульскі] быў трохі мякчэйшы, але ў яго голасе не чулася прыязнасці. Марціновіч.

прыя́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. З гэтым хлопцам у мяне адразу ўсталяваліся прыязныя і даверлівыя адносіны. Савіцкі.

2. Добразычлівы, спагадлівы. Міхаль Ермаліцкі адразу неўзлюбіў Собіча. Ён быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Скрыган. Нават лаянка.. [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю. Колас.

3. Які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар .. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў.