Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аператы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Здольны хутка і правільна выконваць практычныя задачы; дзейсны. — Абавязак кур’ера быць аператыўным, загады выконваць бездакорна. Васілевіч.

аперацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для аперацыі, звязаны з аперацыяй (у 1 знач.); хірургічны. Аперацыйны стол. Аперацыйнае ўмяшанне. □ Калі іх, бацькоў, упусціла ў аперацыйны пакой, — маці з плачам кінулася да стала. Брыль. // у знач. наз. аперацы́йная, ‑ай, ж. Памяшканне ў бальніцы, дзе аперыруюць. Тата выходзіў з аперацыйнай, сястра здымала з яго халат і маску. Бяганская.

2. Звязаны з аперацыяй (у 2 знач.). Аперацыйны план кампаніі. □ Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. Колас. // Прызначаны для непасрэднага, практычнага ажыццяўлення чаго‑н. Аперацыйны аддзел. Аперацыйныя органы. □ Чуліся галасы, што паспеў ужо час аб’яднаць усе атрады адзіным аперацыйным цэнтрам, падпарадкаваць баявую дзейнасць усіх атрадаў адзінаму аперацыйнаму плану. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да аперацыі (у 3 знач.). Канец аперацыйнага года.

4. Прызначаны для аперацыі (у 4 знач.). Аперацыйныя станкі.

апера́цыя, ‑і, ж.

1. Механічнае ўздзеянне на тканкі і органы цела (ускрыццё, выдаленне і пад.) з мэтай лячэння. Пластычная аперацыя. □ Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

2. Сукупнасць баявых дзеянняў, аб’яднаных адной мэтай, адным заданнем. Наступальныя аперацыі. □ Удалая аперацыя супраць атрада немцаў набывала славу — казалі, што партызанская армія вось-вось уварвецца ў горад. Мікуліч.

3. Гандлёвая, фінансавая і пад. здзелка. Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там.. [Марыне] было цяжка. Скрыган.

4. Асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы. Аперацыя па фармоўцы дэталей. Аперацыі на такарным станку. // Асобнае дзеянне сярод многіх іншых, з якіх складаецца работа якой‑н. установы. Аперацыі па страхаванні.

5. Разм. жарт. Дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты. Клопікаў.. высмаркаўся, асцерагаючыся, каб не вельмі былі трубнымі гукі пры гэтай далікатнай аперацыі. Лынькоў.

апе́рвацца, ‑аецца.

Незак. да аперыцца (у 1 знач.).

апе́рціся, абапруся, абапрэшся, абапрэцца; абапромся, абапрацеся; пр. абапёрся, абаперлася; зак.

Тое, што і абаперціся.

аперцыпі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да аперцыпіраваць.

аперцыпі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Асвоіць (асвойваць) на аснове папярэдняга вопыту.

аперцэпцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да аперцэпцыі.

аперцэ́пцыя, ‑і, ж.

Спец. Залежнасць успрыняцця ад папярэдняга індывідуальнага вопыту, ранейшых уяўленняў і запасу ведаў.

[Ад лац. ad — пры і perceptio — успрыняцце.]

аперы́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аперыраваць.