апеты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Жаданне есці. Добры апетыт. Не мець апетыту. □ На нейкі момант.. [Паліна] суцішылася, пазіраючы, з якім апетытам есць сястра. Сіўцоў. // звычайна мн. (апеты́ты, ‑аў); перан. Жаданне наогул, імкненне да чаго‑н. Але ўласніцкія апетыты ўсё больш разгараюцца. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў. Хромчанка.
•••
Воўчы апетыт — вельмі вялікі, нястрымны апетыт.
Наганяць апетыт гл. наганяць.
[Ад лац. appetitus — жаданне.]
апеты́тны, ‑ая, ‑ае.
Смачны, прыгожы на пагляд, які выклікае жаданне есці, узбуджае апетыт. Апетытны пах. □ [Ксёндз Марцэвіч] спакойна прысунуў да сябе апетытны ружовы пульхны торг, які выглядаў, нібы яснае сонца. Бядуля. // перан. Разм. Прывабны (звычайна пра жанчын).
апе́ць, апяю, апяеш, апяе; апяем, апеяце; зак., каго-што.
Уславіць, адлюстраваць у песнях, вершах. Колькі светлых хвілін, незабыўных спатканняў гэты дзень нам прынёс — не апець песняру. Машара.
апе́чак, ‑чка, м.
Каменны ці гліняны падмурак печы.
апе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апячы.
•••
Як апечаны — пра вялікую ўзрушанасць чалавека.
апёк, ‑у, м.
1. Пашкоджанне цела агнём, сонцам, радыяцыяй ці чым‑н. іншым гарачым, пякучым. Тэрмічны, хімічны, электрычны апёк. □ [Доктар:] — На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ.
2. Месца на целе, пашкоджанае агнём ці чым‑н. гарачым, пякучым. [Доктар:] — Наш хворы ў цяжкім стане — На твары адны апёкі, На ногі ён скора ўстане, А вось ці залечым шчокі. Нядзведскі.
апіва́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.
Разм. Тое, што і апівала. Ваяводскае начальства.. вырашыла паслаць гэтага апіваку на падножны корм, назначыўшы войтам у нашу гміну. Машара.
апіва́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Той, хто апіваецца або п’е за кошт іншых.
апіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да абапіцца.
апіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абапіць.