Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.

2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.

апая́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апаясаць.

апе́ка, ‑і, ДМ апецы, ж.

1. Мерапрыемствы па ахове правоў і інтарэсаў асоб, якія не могуць самі весці сваіх спраў. Устанавіць апеку над малалетнім. // Нагляд над дзяржавай (ахова яе правоў, клопаты пра яе развіццё і пад.), які ператвараецца капіталістычнымі краінамі ў эксплуатацыю і аграбленне падапечных дзяржаў. Міжнародная апека.

2. Нагляд, кантроль над чыёй‑н. дзейнасцю. Выйсці з-пад апёкі.

3. Асобы, установы, арганізацыі, якія ажыццяўляюць апеку.

апекава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апекаваць.

апекава́цца, апякуюся, апякуешся, апякуецца; незак.

1. над кім-чым. Клапаціцца пра каго‑, што‑н., накіроўваць дзеянні, ахоўваць чые‑н. інтарэсы. Крушынскі апекаваўся над сваімі рабочымі. Бядуля.

2. Зал. да апекаваць.

апекава́ць, апякую, апякуеш, апякуе; незак., каго-што.

Ажыццяўляць апеку (у 1, 2 знач.). Калі дзеці вырасталі і станавіліся самастойнымі, бацька іх больш не апекаваў. Бачыла.

апельсі́н, ‑а, м.

1. Паўднёвае пладовае дрэва сямейства рутавых.

2. Плод гэтага дрэва.

[Гал. appelsien.]

апельсі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апельсінаў. Апельсінавыя долькі. // Прыгатаваны з апельсінаў. Апельсінавае варэнне. Апельсінавы сок.

апелява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак.

1. Падаць (падаваць) скаргу ў вышэйшую інстанцыю на рашэнне ніжэйшай.

2. да каго-чаго. Выклікаць (выклікаць) падтрымку, спачуванне і пад. Апеляваць да таварышаў. Апеляваць да грамадскае думкі.

апеля́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асоба, якая падае або падала апеляцыю.