прысты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу, холаду. Пальцы прыстылі да жалеза. □ А за карабін голай рукой не возьмешся — прыстыне. Хомчанка. // перан. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Аверка] саскочыў з падножкі і, пачуўшы за плячамі частакол, прыстыў да яго. Пташнікаў. [Эльвіра] заўважыла і спахапілася: — Што ж вы, Алека, прыстылі да вешалкі! Праходзьце, сядайце... Хадановіч. // Спыніцца дзе‑н.; застыць. Ад варот падыходзіў мужчына, высокі, як і Андрэй, у сялянскай вопратцы. Прыстыла [Ніна] на парозе, з рыбінай і нажом у руках. Лобан.
прыстэ́павы, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца каля стэпу. На сухіх пясчаных глебах — чыстыя аднаярусныя саснякі, а на ўрадлівых глебах — прыстэпавыя бары, якія ў мінулым займалі значна большыя плошчы. Гавеман.
прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
прысу́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прысудзіць.
прысуджа́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысуджаць.
прысуджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысудзіць.
прысу́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысуджваць.
прысу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысудзіць.
прысуджэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысуджаць — прысудзіць.
прысудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.
1. Прыгаварыць да якога‑н. пакарання; вынесці рашэнне (пра суд). Прысудзіць да турэмнага зняволення. □ Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Брыль. З Сурвілам [Гушка] ўжо расквітаўся, суд прысудзіў зараз жа аддаць і доўг і працэнты. Чорны. // Разм. Вынесці судовы прыгавор аб перадачы каго‑, чаго‑н. каму‑н. — Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца. Чорны.
2. Вынесці рашэнне аб прысваенні, уручэнні каму‑н. чаго‑н. (узнагароды, звання і інш.). Прысудзіць Дзяржаўную прэмію. □ Абедзеюм [брыгадам] можна было прысудзіць першае месца, але ў брыгадзе Данілюка ў апошні час назіраліся выпадкі недысцыплінаванасці, дык таму ёй прысуджаецца другое месца. Гаўрылкін. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон. Навуменка.