прыстрэ́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыстрэліць.
прыстрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго.
Забіць або дабіць выстралам. Прыстрэліць ваўка. □ — [Ісці ў лес] не дапаможа... Там цябе могуць прыстрэліць... Палічаць за правакатара. Пестрак. Валодзя прыстрэліў бы .. [ласіху], каб не пакутавала, але ж малое збоку. Федасеенка.
прыстрэ́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Пробная стрэльба для вызначэння адлегласці да цэлі і ўстанаўлення правільнага прыцэлу. Вядзе прыстрэлку рубяжоў Паблізу нас гармата. Калачынскі.
2. Выверка агнястрэльнай зброі, выпрабаванне яе стральбой.
прыстрэ́львацца 1, ‑аецца; незак.
Зал. да прыстрэльваць 1.
прыстрэ́львацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыстраляцца.
2. Зал. да прыстрэльваць 2.
прыстрэ́льваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыстрэліць.
прыстрэ́льваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыстраляць.
прысту́к, ‑у, м.
Лёгкі стук; прыстукванне. Вось тут і пачаліся праўдзівыя танцы — з прыстукамі і іншымі аздобамі. Бядуля.
прысту́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыстукваць — прыстукнуць.
прысту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыстукнуць.
прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.