прысуня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; заг. прысуніміся; зак.
Абл. Трохі суняцца, спыніцца на некаторы час. Яны падыходзілі пад самую Манькоўку. Гарбач прысуняўся і паказаў на першы з канца дом. Мурашка.
прысуня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; заг. прысунімі; зак., каго-што.
Абл. Трохі або на некаторы час суняць; прыпыніць. [Патапчык] прысуняў каня і развязаў торбу. Чарнышэвіч. — Чаго ты гэтак ляціш, як усё роўна з прывязі сарваўшыся? — прысуняў Цітка Кандрат. Лобан.
прысусе́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прысуседзіцца.
прысусе́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Сесці побач з кім‑н.; размясціцца каля каго‑н., далучыцца да каго‑н. На Міхася ніхто не звярнуў увагі. Ён прысуседзіўся на лаўцы. Асіпенка. Гудок прысуседзіўся да кампаніі маракоў у купэ, размешчаным побач. Навуменка.
прысу́тнасць, ‑і, ж.
Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».
прысу́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Быць, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. На заводзе быў мітынг. Тысяч дваццаць прысутнічала народу. Гурскі. Яму можна было і не прысутнічаць на гэтым пасяджэнні, але Іван не любіў, калі завочна вырашаюць яго лёс. Шахавец. Мне давялося быць першым чытачом і крытыкам некаторых апошніх вершаў Валянціна [Таўлая], у пэўнай меры прысутнічаць пры іх нараджэнні. Брыль. // Мецца, быць у наяўнасці дзе‑н. Апавяданне можа быць пазбаўлена складаных калізій, яркіх вобразаў, але ў ім заўсёды будзе прысутнічаць спецыфічная для М. Лынькова паэтычнасць. Кучар.
прысу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прысутнічае, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. [Жанчына] нават не засмяялася і тады, калі навокал яе прысутныя людзі зарагаталі. Карпюк. Завязваецца гутарка з прысутнымі тут калгаснікамі аб іх жыцці ва ўмовах партызанскага краю. Залескі.
2. у знач. наз. прысу́тныя, ‑ых. Тыя, хто прысутнічае. Мароз абвёў вачамі ўсіх прысутных — ці не будзе пярэчанняў. Лобан. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль.
прысуту́лены, ‑ая, ‑ае.
Трохі сутулы, сутулаваты. Цяпер .. [Піліпчык] быў прысутулены, маўклівы, са спушчанымі ўніз вачамі. Чорны. Варвары чамусьці без усякай сувязі прыходзіць на памяць прысутуленая шырокая Алесева спіна і яго твар. Васілевіч.
прысуту́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Разм. Стаць сутулаватым; трохі ссутуліцца. Цяпер Міканору ўжо далекавата за пяцьдзесят, ён трохі прысутуліўся. Кулакоўскі.