прысудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.
1. Прыгаварыць да якога‑н. пакарання; вынесці рашэнне (пра суд). Прысудзіць да турэмнага зняволення. □ Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Брыль. З Сурвілам [Гушка] ўжо расквітаўся, суд прысудзіў зараз жа аддаць і доўг і працэнты. Чорны. // Разм. Вынесці судовы прыгавор аб перадачы каго‑, чаго‑н. каму‑н. — Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца. Чорны.
2. Вынесці рашэнне аб прысваенні, уручэнні каму‑н. чаго‑н. (узнагароды, звання і інш.). Прысудзіць Дзяржаўную прэмію. □ Абедзеюм [брыгадам] можна было прысудзіць першае месца, але ў брыгадзе Данілюка ў апошні час назіраліся выпадкі недысцыплінаванасці, дык таму ёй прысуджаецца другое месца. Гаўрылкін. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)