Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што з кім-чым.

1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж кім‑н. Смерць можа часова прымірыць нават самых заўзятых ворагаў... Ваданосаў. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Мележ. // перан. Згладзіць супярэчнасці паміж чым‑н.; узгадніць што‑н. з чым‑н. Прымірыць навуку і рэлігію багасловы неаднойчы спрабавалі. «Полымя». Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была самая патаемная і самая душэўная думка. М. Стральцоў.

2. Прымусіць памяркоўна аднесціся да каго‑, чаго‑н. Мы асабліва не заўважаем бегу часу і ўсё хочам прымірыць нас ранейшых з намі цяперашнімі. Сіпакоў.

прымірэ́нец, ‑нца, м.

Той, хто імкнецца прымірыць, згладзіць класавыя супярэчнасці; прыхільнік прымірэнства.

прымірэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыміраць — прымірыць і прымірацца — прымірыцца (у 1 знач.).

2. Стан паводле дзеясл. прымірацца — прымірыцца (у 2 знач.). Язык .. [Чыкілевіча] казаў аб прымірэнні з горкаю доляю, а мыслі напружана шукалі спосабу самай жорсткай помсты. Колас.

прымірэ́нства, ‑а, н.

Разнавіднасць апартунізму ў рабочым руху, заснаваная на палітыцы прымірэння з класавым ворагам, на сціранні класавых супярэчнасцей; згодніцтва. // Ухіленне ад канфліктаў, барацьбы. Прымірэнства з дрэннай якасцю працы.

прымірэ́нчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які садзейнічае прымірэнню, выказвае згоду. Прымірэнчы тон. □ Дзед Пранук сустракаў .. [Палашку] прымірэнчай рэплікай: — Вось і скварку з’ямо. Лынькоў.

2. Які мае адносіны да прымірэнца, прымірэнства. Прымірэнчыя настроі.

прымітыві́зм, ‑у, м.

1. Спрошчаны падыход да складанай з’явы.

2. Нескладанасць па будове, па тэхніцы выканання. Падняцца над прымітывізмам масавай самадзейнай рэвалюцыйнай паэзіі 20‑х гадоў,.. перайсці ад простых перапеваў класікаў да творчага развіцця іх галоўных традыцый — такія чарговыя задачы стаялі перад заходнебеларускай літаратурай 30‑х гадоў. Бугаёў.

3. У мастацтве 19–20 стст. — наўмыснае спрашчэнне выяўленчых сродкаў і выкарыстоўванне форм прымітыўнага (першабытнага, народнага, дзіцячага) мастацтва.

прымітыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік прымітывізму. Стыль яго [Драздовіча] малюнкаў блізкі да прымітывістаў. Шматаў.

прыміты́ў, ‑тыву, м.

1. Неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду. // Пра што‑н. спрошчанае, невысокае па тэхніцы выканання. Пасля трох частак усім стала ясна, што гэта фільм у духу «старога Джона Форда»: не добры, але і не прымітыў. «Маладосць».

2. Твор мастацтва, які належыць да ранніх стадый развіцця культуры, з параўнальна невысокай тэхнікай выканання.

[Ад лац. primitivus — першапачатковы, першабытны.]

прыміты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прымітыўнага. Прымітыўнасць будовы. Прымітыўнасць мыслення.

прыміты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, нескладаны па будове; груба зроблены. Прымітыўныя інструменты. □ Супраць гармат і мячоў радзівілаўскага войска ўзброены .. [народныя масы] былі вельмі прымітыўнай зброяй — сякерамі і косамі. Глебка. Недалёчка над каналам перакінуты прымітыўны мосцік. Пестрак. Нямецкую мову я крыху вывучаў і прымітыўныя сказы і звароты ведаў. Дубоўка. // Нізкі па ступені развіцця; недасканалы. Прымітыўная гаспадарка. Прымітыўны твор. □ Уважліва разглядаю ўзоры на сценах. Яны простыя, часам здаюцца нават .. прымітыўнымі. «Маладосць».

2. Недастаткова глыбокі, спрошчаны. Прымітыўны падыход да з’явы. Прымітыўны спосаб рашэння задачы. □ Гутарка ідзе аб прымітыўным падзеле на герояў станоўчых і адмоўных. Шкраба.

3. Недастаткова адукаваны, малакультурны. [Лорду] здавалася, а можа гэта было і сапраўды, што жыццё гэтых простых людзей, такіх прымітыўных і наіўных, шмат чым больш чалавечнае. Лынькоў.

4. Які адносіцца да ранніх стадый развіцця чалавецтва; першабытны. Прымітыўныя плямёны. Прымітыўнае мастацтва.