прыміты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, нескладаны па будове; груба зроблены. Прымітыўныя інструменты. □ Супраць гармат і мячоў радзівілаўскага войска ўзброены .. [народныя масы] былі вельмі прымітыўнай зброяй — сякерамі і косамі. Глебка. Недалёчка над каналам перакінуты прымітыўны мосцік. Пестрак. Нямецкую мову я крыху вывучаў і прымітыўныя сказы і звароты ведаў. Дубоўка. // Нізкі па ступені развіцця; недасканалы. Прымітыўная гаспадарка. Прымітыўны твор. □ Уважліва разглядаю ўзоры на сценах. Яны простыя, часам здаюцца нават .. прымітыўнымі. «Маладосць».

2. Недастаткова глыбокі, спрошчаны. Прымітыўны падыход да з’явы. Прымітыўны спосаб рашэння задачы. □ Гутарка ідзе аб прымітыўным падзеле на герояў станоўчых і адмоўных. Шкраба.

3. Недастаткова адукаваны, малакультурны. [Лорду] здавалася, а можа гэта было і сапраўды, што жыццё гэтых простых людзей, такіх прымітыўных і наіўных, шмат чым больш чалавечнае. Лынькоў.

4. Які адносіцца да ранніх стадый развіцця чалавецтва; першабытны. Прымітыўныя плямёны. Прымітыўнае мастацтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)