Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прымо́р’е, ‑я, н.

Мясцовасць, размешчаная каля мора.

прымо́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца каля мора. Прыморскі курорт. Прыморскі горад. □ Абрысаваліся ў туманах вершаліны далёкіх прыморскіх гор. Самуйлёнак.

2. Які бывае ў прымор’і, уласцівы прымор’ю. Прыморскі клімат. Прыморскі вецер.

прымо́твацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прымотваць.

прымо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыматаць.

прымо́ўклы, ‑ая, ‑ае.

Які прымоўк; прыціхлы. — Ну, — не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных, прымоўклых людзей. Быкаў.

прымо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прымоўк, ‑ла; зак.

Разм. Спыніць размову, спевы, крык і пад.; прыціхнуць, замоўкнуць. Старая зразумела, што хлапец не хоча сур’ёзна адказваць на яе пытанні, таму зноў прымоўкла. Кулакоўскі. У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас. Быкаў. Салаўі адразу ж прымоўклі — мусіць, пераканаліся, што жаб перакрычаць сёння ім не ўдасца. Сачанка.

прымо́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымачыць.

прымо́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прымочваць.

прымо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымачыць.

прымо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымачыць (у 2 знач.).

2. Лекавая вадкасць, якой замочваюць вату, марлю і пад. для прыкладвання да хворага месца. Свінцовая прымочка. □ Чорны валасаты дзед .. клаў ..[Юрыю] на галаву прымочкі, штогадзіны прыносіў піць. Навуменка.