прымільга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Стаць звычайным, прывычным, страціць арыгінальнасць (пра тое, што часта сустракаецца). Прымільгаліся палі, лясы, лугавіны і здаваліся шэрымі, аднолькавымі. Чарнышэвіч. Канстанцін Міхайлавіч вельмі трапна парадзіруе акамянелыя звароты, што сапраўды прымільгаліся ў неразборлівай прозе. Лужанін.
прыміна́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прымяцца.
2. Зал. да прымінаць.
прыміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымяць.
прымі́ранасць, ‑і, ж.
Стан прыміранага; заспакоенасць.
прымі́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прымірыць.
2. у знач. прым. Які прымірыўся, пагадзіўся з кім‑н.; заспакоены. Потым .. [Марына Паўлаўна і Вера] прыміраныя, блізкія, з дружнай энергіяй узяліся за сваю супольную работу. Зарэцкі.
прыміра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прымірыцца.
2. Зал. да прыміраць.
прыміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымівыць.
прыміры́цель, ‑я, м.
Той, хто прымірае каго‑н. з кім‑н. Выступаць у ролі прымірыцеля.
прыміры́цельны, ‑ая, ‑ае.
Які садзейнічае прымірэнню, прымірэнчы. Прымірыцельны тон.
прыміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак., з кім-чым.
1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж сабой і кім‑н. Валя, як мы пераехалі, сама варыла абеды, наогул яна ўсё рабіла сама, каб неяк прымірыцца з маці. Гаўрылкін. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў, але непрыязнасць да пасынка не давала яму зусім прымірыцца з жонкай, і яны дзьмуліся адно на аднаго. Карпаў.
2. Памяркоўна аднесціся да чаго‑н.; звыкнуцца з чым‑н. На першым пачатку Вера нібы прымірылася з тым, што мары яе стаць урачом не здзейсніліся. Дуброўскі. Бацькі хутка прымірыліся з тым, што хлапец астаўся ў калгасе: нахлебнікам у сям’і ён больш не быў. Пальчэўскі.