Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.

апане́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.

[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]

апане́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да апанент.

апані́раванне, ‑я, н.

Выступленне апанентам на дыспуце, пры абароне дысертацыі і пад.

апані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Выступаць у якасці апанента на дыспуце, спрэчцы; быць чыім‑н. апанентам. // Наогул пярэчыць каму‑н. у спрэчцы.

апано́ўваць, ‑ае.

Незак. да апанаваць.

апанта́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць апантанага. Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці. Брыль. З нейкай апантанасцю.. [Балоцкі] выскачыў з машыны, не зачыніў за сабою дзверцаў і кінуўся ў кантору. Дуброўскі.

апанта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Ахоплены крайнім душэўным узрушэннем, якое бурна выяўляецца. Як апантаны, паімчаўся Косця да клуба. Шыцік. // У якім адчуваецца крайняе душэўнае ўзрушэнне. Недзе далёка ззаду пачуўся апантаны крык. Пестрак.

2. у знач. наз. апанта́ны, ‑ага, м. Чалавек, ахоплены крайнім душэўным узрушэннем. Я гэтак гарачыўся і гневаўся, што Давідзюк глядзеў на мяне, як на апантанага. Сабаленка.

апану́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зрабіцца панурым. Блецька заныў, зусім апанураў і змоўк языком і душой. Чорны.

апанча́, ‑ы, ж.

Старадаўняе верхняе адзенне ў выглядзе шырокага плашча.

[Цюрк.]