прыклані́ць, ‑кланю, ‑клоніш, ‑клоніць; зак., што.
Разм. Схіліць, нахіліць, прыгнуць. Хлопчык слова не прароніць, Дзеду ў вочы ён глядзіць І галоўку чуць прыклоніць, Не варушыцца, маўчыць. Колас. Жонка .. [Тараса] ўгледзела, узрадавалася, нешта пытае, а ён, хмуры, як лес у буру, пайшоў проста к нябожчыцы, прыкланіў калені. Нікановіч.
прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.
1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.
2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).
3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.
•••
Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).
прыкла́сціся, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.
1. Наблізіцца да сутыкнення чым‑н. (вокам, тварам, рукой і пад.) да чаго‑н. [Таццяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзлай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам. Шамякін. Ні шклянкі табе, ні кубка Ніхто тут не паднясе. І хлопцы ўдвух да дзюбкі Прыклаліся па чарзе. Нядзведскі.
2. Спец. Прыняць неабходнае для прыцэльвання становішча. Саша прыклаўся да кулямёта і выпусціў доўгую чаргу. Новікаў.
3. да чаго. Разм. Накіраваць сваё дзеянне, сілы на што‑н. Добра прыкласціся да пілы. □ Толькі прыкладуся алоўкам да паперы: хрусь — зламаўся. Асіпенка.
4. Разм. Выпіць, з’есці чаго‑н. Прыкласціся да каўбас. □ [Карэспандэнт:] — Дзякую, дзякую, Генадзь Іванавіч. Давайце спачатку зробім справу, а потым можна і да чаркі прыкласціся. Сабаленка. Лёнька кінуў круціцца на бервяне, сарамліва абцёр вусны і прыклаўся да вядра. Хадановіч.
прыкле́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыклеіць.
прыкле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.
Прымацавацца да чаго‑н. з дапамогай клею або чаго‑н. клейкага. Папера добра прыклеілася. // Прыліпнуць, прыстаць да чаго‑н. З-пад вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых [валасоў] і прыклеілася да ўспацелага лба. Навуменка. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Вось і прыклеілася да .. [Максіма] мянушка «Маўчун». Капусцін. Я і сам ведаў, што сёння вяселле Лаўрэнавага Жэнькі, хлопца, да якога з маленства яшчэ прыклеілася мянушка «Цыца». Сіпакоў.
прыкле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што.
Прымацаваць клеем або чым‑н. клейкім. Прыклеіць плакат. Прыклеіць аб’яву. □ Бараду прыклеіў, Зноў парык надзеў. Бядуля. // перан. Замацаваць за кім‑н. (прозвішча, мянушку). Аксану ўсе Міленькай звалі, а мяне Насацікам. Чаму Міленькая — зразумела, а Насаціка мне прыклеілі з прычыны непамернага майго носа. Пянкрат. З Веньямінам Мудрык лічыцца, бо яму мянушкі не прыклеіў. Навуменка.
прыкле́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыклейваць — прыклеіць.
прыкле́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыклеіцца.
2. Зал. да прыклейваць.
прыкле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыклеіць.
прыкле́йка, ‑і, ДМ ‑клейцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыклейваць — прыклеіць.
2. Р мн. ‑клеек. Разм. Тое, што прыклеена. Прыклейка адстала.