прыкме́тна,
1. Прысл. да прыкметны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Можна бачыць, відаць. Было прыкметна, што пані Ядвіга хацела яшчэ нешта дадаць да характарыстыкі «пана доктара». Васілевіч.
прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.
2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.
3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.
4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.
прыкме́ціцца, ‑мечуся, ‑мецішся, ‑меціцца; зак.
Разм. Кінуцца ў вочы, заўважыцца. Добра, што прыкмецілася хоць восень.. Вясны .. [Мікіта Мінавіч] амаль што не прыкмячаў, лета таксама быццам абмінула яго. Кулакоўскі. // Запомніцца, застацца ў памяці.
прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.
1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.
2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.
3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.
прыкме́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкмеціць.
прыкмяча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыкмеціцца.
2. Зал. да прыкмячаць.
прыкмяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкмеціць.
прыко́л, ‑а, м.
Паля, кол, убітыя ў зямлю (для прычалу, для прывязвання жывёлы і пад.). [З узгорка] сцяжынка крута збягала да ракі ўніз. Там былі прыколы, стаялі лодкі. Лупсякоў.
•••
На прыколе (стаяць, быць) — не выкарыстоўвацца, не быць у эксплуатацыі.
прыко́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкалоць.