прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.
1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.
2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.
3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.
4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.
прыва́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прывабіць.
прыва́бліванне, ‑я, м.
Дзеянне паводле дзеясл. прывабліваць — прывабіць (у 1 знач.).
прыва́блівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прываблівага. Шчокі дзяўчыны паружавелі ад хвалявання, і гэта прыдавала ёй асаблівую прываблівасць. Колас.
прыва́блівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прывабліваць.
прыва́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывабіць.
прыва́блівы, ‑ая, ‑ае.
Які прываблівае, прыцягвае да сябе сваімі якасцямі, уласцівасцямі. Звінеў малады дзявочы смех, радасны і прываблівы. Шамякін. [Аксіння] здавалася яму, як ніколі раней, прываблівай і роднай. Мележ. Мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы. Колас.
прыва́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прывабнага; здольнасць прывабліваць, прыцягваць да сябе. Сіняя сівізна не пасавала да маладжавасці твару і тым не менш надавала яму мяккую прывабнасць. Хадкевіч. Прыпяць надае ўсёй гэтай мясцовасці чароўную прывабнасць. В. Вольскі. // Прыгажосць, мілавіднасць. Колькі разоў прыязджалі да .. [Эльзы] багатыя жаніхі, захапляліся яе прывабнасцю. Шчарбатаў. // Цікавасць, займальнасць. Янук з усіх сіл імкнуўся даказаць мне прывабнасць клоунскай прафесіі. Асіпенка.
прыва́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вабіць, прыцягвае да сябе якімі‑н. якасцямі, рысамі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак. Брыль. Але ў гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасці, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк. // Прыемны з выгляду; прыгожы, мілавідны. Прывабная постаць. Прывабныя рысы твару. □ Прывабныя, ветлівыя дзяўчаты міла ўсміхаюцца і вітаюць нечаканых гасцей. Новікаў.
2. Прыемны; мілы. Прывабны голас. Прывабны выгляд. Прывабная ўсмешка. □ Цішыня і прывабнае цяпло агарнулі.. [Несцера]. Кулакоўскі. — Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына.. голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех. Колас.
3. Які вабіць чым‑н., выклікае цікавасць. Прывабная прафесія. □ Вядома, прывабная прапанова — працаваць у клініцы пад кіраўніцтвам такога славутага прафесара. Шамякін.
прыва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
Павелічэнне вагі (маладняку або жывёл, якія знаходзяцца на адкорме). Сярэднесутачная прывага свіней. □ За які месяц Заранчынага гаспадарання надоі павысіліся як не ў паўтара раза. Павялічылася і прывага маладняку. Сабаленка.