Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыва́льваць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прываліць ​1.

прыва́льваць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прываліць ​2.

прыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прывалу. Апусціўся ціхі вечар Ля прывальнага кастра. А. Александровіч.

прывандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Вандруючы, прыбыць у якое‑н. месца, куды‑н. Гэта быў першы выгнаны вайною лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь. Чыгрынаў. Польская народная песня даўно прывандравала на беларускія землі. Саламевіч.

прываражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак., каго.

У забабонных уяўленнях — варажбой выклікаць любоў, прыхільнасць да каго‑н. [Жанчына:] — Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была. Шамякін. // Выклікаць любоў да сябе, прымусіць пакахаць сябе. Чым цябе ён так прываражыў? Ці больш кветак табе ён насіў? Ці больш песень прапеў пад акном? Танк. Не кідайся людзям у вочы, бо ты ж не якая-небудзь дзеўка-круцёлка, якая робіць усё напаказ, каб хутчэй прываражыць «самага выгаднага» жаніха. Рылько. // перан. Прывабіць, зачараваць. Лес прываражыў .. [Пазняка] і сваім асеннім хараством, і зімовай сваёй дрымотнай чароўнасцю. Дуброўскі.

прыва́рак, ‑рку, м.

1. Гатаваная страва. Я злазіў у будан, узяў міску і пайшоў да катла па снеданне — прыварак касцам даваў калгас. Сачанка. Я з жонкай жыву на кватэры прыватнай, Калі з прываркам, калі без прыварку. Барадулін.

2. Прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы. У лесе нічога не расце: ні хлеб, ні бульбіна, ні які другі прыварак... Паслядовіч. Звычайна на прыварак ішлі бульбяныя лушпайкі, бураковае бацвінне. А сёння пракідалася нават цэлая дробная бульба. Сабаленка. // Заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса. Прыварак у боршч. □ Такія-сякія прадукты мы табе збяром. Насып[лем] крупы ды прыварку да яе. Машара.

прыва́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыварыць.

прыва́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыварку.

прыва́рванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. прыварваць — прыварыць (у 2 знач.) і знач. дзеясл. прыварвацца — прыварыцца.

прыва́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыварыцца.

2. Зал. да прыварваць.

прыва́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыварыць.