прывары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.
1. і чаго. Разм. Зварыць яшчэ, у дадатак да ўжо зваранага. Прыварыць капусты.
2. Спец. Прымацаваць да чаго‑н. зваркай. Прыварыць адламаную частку трубы. Прыварыць ручку да металічнага каўша.
прыватна...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «прыватны» (у 1 знач.), напрыклад: прыватнагаспадарчы, прыватнакапіталістычны.
прыватнагаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыватнай гаспадаркі, звязаны з ёй. Прыватнагаспадарчы сектар.
прыватнакапіталісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыватнага, не дзяржаўна-манапалістычнага капіталізму. Прыватнакапіталістычны сектар у прамысловасці.
прыва́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыватнага (у 3 знач.).
2. Падрабязнасці дэталь. [Паэт], клапоцячыся пра зладжанасць і зграбнасць свайго твора нават у прыватнасцях, скараціў нямала пейзажных уставак. Бугаёў.
•••
У прыватнасці (пабочн.) — ужываецца для ўдакладнення, падкрэслівання прыватнага прыкладу. — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. У прыватнасці, ёсць у нас зброя, боепрыпасы, харчаванне, медыкаменты, адзенне. Новікаў.
прыватнаўла́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыватнай уласнасці, да валодання прыватнай уласнасцю. Прыватнаўласніцкая гаспадарка. Прыватнаўласніцкія землі. Прыватнаўласніцкі сектар у сельскай гаспадарцы. // Уласцівы ўладальніку прыватнай уласнасці. Прыватнаўласніцкія інтарэсы.
прыва́тнік, ‑а, м.
Разм. Прыветны прадпрыемец, гандляр. Гэта азначае, што бераг належыць прыватніку, і калі ты хочаш тут адпачыць або выкупацца — звярніся да гаспадара, ён за пэўную плату дазволіць табе гэта зрабіць. Новікаў.
прыва́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыватніка, уласцівы яму. Неўзабаве з-за павароткі ў гайку паказалася легкавушка, прыватніцкі масквіч.., — абдаўшы нас пахам бензіну, пакаціў далей. Быкаў.
прыва́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць пэўнай асобе, з’яўляецца чыёй‑н. уласнасцю; не грамадскі, не калектыўны. Прыватная кватэра. □ На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы. Кулакоўскі. У Залкінда на панадворку часта гуляла дванаццацігадовая дачка Вета — вучаніца прыватнай гімназіі. Карпюк. // Не звязаны з якім‑н. прадпрыемствам, дзяржаўнай або грамадскае службай; які выконваецца для індывідуальнай асобы. Прыватная краўчыха. Прыватны заказ. □ [Эльза] ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Чарнышэвіч. // Які займаецца індывідуальным гаспадараннем. Прыватны ўласнік.
2. Які датычыцца каго‑н. асабіста, чыіх‑н. асабістых спраў; асабісты. Прыватная перапіска. Прыватная размова. □ Усе прыватныя тэлеграмы залежваліся, потым адпраўляліся поштай. Шынклер. // Які знаходзіцца за межамі грамадскай, вытворчай і інш. дзейнасці, не звязаны з ёй. Прыватнае жыццё. □ [Дзянісаў] тут не прыватная асоба, а кіраўнік экспедыцыі, і ён не мае права паддавацца сваім асабістым антыпатыям. Гамолка.
3. Які з’яўляецца часткай, дэталлю чаго‑н., адносіцца да частак чаго‑н.; не агульны. Ісці ў суджэнні ад прыватных з’яў да агульнага заключэння. □ Байка павінна даваць абагульненні, адлюстроўваць не які-небудзь прыватны факт, адзінкавае здарэнне. Казека. // Не характэрны, асобны, выключны. Прыватны выпадак. □ Гэта толькі прыватны, хоць і важны эпізод. Бугаёў.
прыва́т-дацэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі і краінах Заходняй Еўропы — вучонае званне пазаштатнага выкладчыка вышэйшай школы. // Асоба, якая мае такое званне.
[Ад лац. privatim docens — які вучыць, навучае прыватна.]